Беларусаў будуць пазбаўляць маёмасці завочна


Беларусаў, якія пасля пратэстаў з’ехалі за мяжу, цяпер могуць судзіць завочна і нават пазбаўляць маёмасці. Падставаю для завочнага судовага працэсу могуць стаць некалькі дзясяткаў крымінальных артыкулаў. Рэжым абяцае папярэджваць абвінавачаных аб судах і нават гарантуе права на абарону.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Былі суды праз «Скайп» ды з ананімнымі сведкамі, зараз будуць суды завочныя. Аляксандр Лукашэнка падпісаў змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яны ўводзяць інстытут спецыяльнага вядзення ў крымінальных справах у дачыненні абвінавачаных, якія з’ехалі з Беларусі. Судзіць чалавека неўзабаве змогуць завочна.

«Зразумела, што гэта палітычна матываваны закон, які агучыў так званы старшыня Следчага камітэту Беларусі, перадусім ён будзе тычыцца прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, дэмакратычных актывістаў, які апынуліся сёння за межамі Беларусі», – перакананы кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Аб пачатку завочнай крымінальнай справы ўлады абяцаюць паінфармаваць праз сайты органаў пераследу. Падсудных запросяць вярнуцца на радзіму для ўдзелу ў працэсе і нават абяцаюць забяспечыць ім абаронцу.

«Відавочна, што калі яны нават будуць паінфармаваныя, як яны будуць удзельнічаць? Зразумела, што яны не змогуць азнаёміцца з матэрыяламі справы. Я мяркую, што тут могуць быць цяжкасці вельмі сур’ёзныя, якая будзе камунікацыя з абаронцам, наколькі яна будзе канфідэнцыйнай. Яны не будуць яе перахопліваць», – адзначае праваабаронца Раман Кісляк.

Судзіць завочна рэжым плануе паводле некалькіх дзясяткаў крымінальных артыкулаў, у тым ліку за так званыя злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, за стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях, заклікі да санкцыяў. Адзін з відаў пакарання – пазбаўленне маёмасці.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення запатрабаваў ад Лукашэнкі спасылку на «Зум» ці «Скайп» для адкрытага судовага працэсу. Супраць Паўла Латушкі ўлады пачалі 8 крымінальных справаў, а ягоная кватэра і кватэра дачкі – ужо пад арыштам.

«Давайце прызнаемся, што адвакатура ў Беларусі ўжо не існуе, у крымінальным працэсе немагчыма абараніць свае правы і інтарэсы падчас разгляду палітычна матываваных справаў у нашай краіне. І адвакаты – яны будуць прадстаўленыя дзяржавай, і мы будзем наймаць гэтых адвакатаў. Практычна прысутнасць гэтых адвакатаў на судовых працэсах не мае ніякага сэнсу», – падкрэсліў Павел Латушка.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь, гарантуе абвінавачаным права на справядлівы судовы разбор і публічныя слуханні. Але ў краіне гэтыя прынцыпы не працуюць, бо нават яе самаабвешчаны кіраўнік прызнаецца, што яму не да законаў.

Антон Каменскі, «Белсат»