Лукашэнка хоча стварыць ядзерную дзяржаву?


Пасля чарговага адключэння першы энергаблок атамнай станцыі плануюць ізноў падключыць да сеткі. А вось пра тое, што рабіць з яе радыеактыўнымі адкідамі, улады задумаліся толькі нядаўна.

Прапаноўваюць стварыць адмысловы дэпартамент для працы з імі. А таксама арганізацыю, якая будзе збіраць, пераапрацоўваць, захоўваць ці закопваць адкіды.

«Гэта найкаштоўнейшы прадукт. І сёння паўстае пытанне: што мы будзем рабіць з гэтым найкаштоўнейшым, але вельмі небяспечным, раней невядомым нам прадуктам?» – казаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з Саветам міністраў.

Заяву каментуе фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі:

«Ці гэта сігнал, што Беларусь гатовая на камерцыйнай падставе прымаць радыеактыўныя адкіды з іншых краінаў, у тым ліку з Расеі? Спадзяюся, не. Спадзяюся, гэта было сказана праз недамысленне. Але мяне гэта моцна скаланула, бо цяпер у сучасным свеце казаць пра тое, што ядравая энергетыка – гэта выгадна і бяспечна, гэта лухта».

Лукашэнка заяўляў, што Беларусь становіцца ядравай дзяржавай яшчэ ў дзень запуску першага энергаблоку.

Сябра «Экадому», эколаг Таццяна Новікава лічыць, што ёсць намер прадукаваць ядзерную зброю:

«Пераапрацоўка ядравых адкідаў – гэта першы крок у вельмі доўгай і дарагой, фактычна тэхнічна немагчымай працэдуры атрымання ядравых матэрыялаў збройнай якасці. Гэта нерэальна ва ўмовах Беларусі ані тэхнічна, ані эканамічна. Але гэтая заява дэманструе сапраўднае стаўленне і сапраўдную мэту, для чаго гэтая АЭС будавалася».

Пакуль жа праблема радыеактыўных адкідаў застаецца. Пункты для іх захоўвання збудуюць да 2030 года, а магільнікі – дагэтуль толькі ў планах. Тым часам адкіды ўжо ёсць і іх будзе ўсё болей, энергаблок падключаць да сярэдзіны жніўня.

Таццяна Новікава мае інфармацыю, што праблемы паўсталі з сістэмаю ахалоджвання рэактара, бо ў ліпені была анамальна высокая тэмпература паветра. Афіцыйна праблема з генератарам, а не рэактарам. Падрабязнасці абяцаюць распавесці пасля ўключэння.

«Беларуская атамная станцыя наследуе ўсе тыя рызыкі, якія ёсць у любой іншай атамнай станцыі ў свеце: гэта рызыка аварыяў, рызыка выкідаў радыенуклідаў у асяроддзе, ненадзейнасць працы, скрайняя дарагавізна прадукту. Ёсць спецыфічныя рызыкі, звязаныя выключна з беларускай атамнай станцыяй. Гэта тое, што яе будаваў «Росатом». Тое, што гэта была будоўля калгаснага тыпу. Памятаеце, «Росатом» абяцаў, што там будуць беларускія дэталі. І мы бачылі ўжо вынік гэтага, калі адно з няпланавых адключэнняў у перыяд вопытна-прамысловай эксплуатацыі было звязанае з імпартнымі трансфарматарамі», – тлумачыць Андрэй Ажароўскі.

Паводле эксперта, для атамных электрастанцыяў нармальна адключацца раз на два гады. У Беларусі ж за амаль год працы аднаго энергаблоку 12-га ліпеня было восьмае адключэнне. Большасць выпадкаў афіцыйна называлі планавымі ў рамках выпрабаванняў.

Кантраляваць сітуацыю вакол БелАЭС будзе яшчэ цяжэй – ідзе ціск, нават ліквідацыя экалагічных арганізацыяў.

«Краіна страціць сваю суб’ектнасць, яна будзе цалкам ізаляваная на міжнароднай арэне. Што гэта значыць? Вось цяпер адбываюцца стрэс-тэсты. «Экадом» – частка гэтага працэсу, легальная частка гэтага працэсу. Таму што еўрапейская спецыфікацыя патрабуе ўдзелу грамадскасці», – упэўненая Таццяна Новікава.

«Экадому» Міністэрства юстыцыі пакуль вынесла папярэджанне. Ліквідаваныя Цэнтр экалагічных рашэнняў, «Экаасяроддзе», рэгіянальны цэнтр экспертызы «Экадэмія».

Яна Шэк, «Белсат»