Эстонія дапаможа Літве абараніцца ад мігрантаў


Нягледзячы на ўсе захады для ўмацавання мяжы, мігранты працягваюць прыбываць у Літву з тэрыторыі Беларусі. За апошнія содні літоўскія памежнікі затрымалі 40 чалавек, якія незаконна прамінулі мяжу. Пра сваю дапамогу Літве ў стрымліванні мігрантаў заявіла Эстонія. Яна накіруе каля ста кіламетраў спецыяльнага дроту для ўмацавання мяжы з Беларуссю.

«Гэтая арганізаваная гібрыдная агрэсія не толькі супраць Літвы, але і супраць усяго Еўрапейскага Звязу і яго асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў. І мэта гэтай агрэсіі – дэстабілізаваць рэгіён», – заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Толькі Літва паспела пабудаваць 4,5 км плоту з 550-ці запланаваных, як скончыўся калючы дрот. Эстонія паабяцала Літве, акрамя калючага дроту, тры беспілотнікі для назірання за мяжою. Літва і Эстонія сышліся на думцы, што Еўразвяз павінен увесці санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асобаў, якія ладзяць канал нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Літву.

«Іракскі і беларускі рэжым, праблемы з мігрантамі, мы бачым, што ёсць змова, якую выкарыстоўвае Ірак, па першае – гэта тыя крымінальныя групоўкі ва ўладзе, якія маюць свой прыбытак з нелегальнай міграцыі», – пракаментаваў ізраільскі гісторык-палітолаг Барыс Балтэ.

Другі інтарэс Іраку, на думку эксперта, заключаецца ў выцісканні з краіны маладых іракцаў, якія маюць ультраісламскія погляды. Ірак спадзяецца, што маладыя людзі паедуць у Еўропу і больш не вернуцца на Радзіму.

«Еўрарадыё» змантавала невялікае «road-movie» з відэа іракскіх мігрантаў: як яны прылятаюць у Беларусь, бавяць час у Менску, дабіраюцца да літоўскай мяжы і нават пераходзяць яе.

«Беларускі рэжым таксама мае нейкую сваю карысць з гэтага. Па першае, гэта помста Літве. У тым сэнсе, што менавіта літоўская дзяржава дала прытулак кіраўніцтву новай апазіцыі. Ні Латвія, ні Польшча, ніхто іншы – а менавіта Літва», – лічыць Барыс Балтэ.

Нечаканы прагноз у развіцці мігранцкага крызісу агучыў член Савету Рэспублікі Алег Слінько. На ягоную думку, неўзабаве з беларускай тэрыторыі ў Літву могуць ісці мігранты са зброяй.

«Радыкальныя мусульмане, убачыўшы кадры таго, што адбываецца на мяжы, наўрад ці змогуць застацца абыякавымі. Стрымаць агрэсіўна настроеных, пакрыўджаных людзей са зброяй, якія прыйдуць абараняць сваіх адзінаверцаў, будзе няпроста», – заявіў Алег Слінько.

Толькі ў ліпені літоўскія памежнікі затрымалі ўжо больш за 1800 мігрантаў. Усяго за год з тэрыторыі Беларусі ў Літву нелегальна трапілі амаль 2500 мігрантаў. Гэта ў 30 разоў болей, чым за ўвесь мінулы год. Большасць мігрантаў сцвярджае, што яны грамадзяне Іраку, але засведчыць гэта дакументамі не можа.

Ірына Карніенка, «Белсат»