У Дагестане аб'явілі трохдзённую жалобу з-за тэрактаў


Увечары 23-га чэрвеня Міністэрства ўнутраных справаў Дагестану паведаміла пра напад на сінагогу і царкву ў мясцовым Дэрбэнце, а таксама пра атакі на праваслаўную святыню і пост ДПС у сталіцы рэспублікі – Махачкале.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Невядомыя адкрылі агонь па пастах паліцыі побач з рэлігійнымі аб’ектамі, а потым скіраваліся ў будынкі. У Дэрбэнце ў сінагозе і царкве пачаліся пажары. Абубукар Янгулбаеў, чачэнскі праваабаронца і актывіст, кажа:

«Тое, што адбылося ў Дагестане, найперш – следства палітыкі Расеі ў Дагестане, у Чачэніі, у Інгушэціі. І гэтыя падзеі – гэта не ўпершыню. Гэта свежае, але ў чарадзе: за 3 месяцы, калі я не памыляюся, некалькі тэрактаў адбылося. І ў Чачэніі яны адбываліся, і ў Інгушэціі. Гэтыя баі-сутыкненні зараз сталі нейкімі буднямі».

Нападнікі спрабавалі схавацца. Улады ўвялі рэжым контратэрарыстычнай аперацыі. У розных частках Махачкалы і Дэрбэнту адбылася страляніна. Баі паміж супрацоўнікамі спецслужбаў і баевікамі трывалі амаль да паўночы.

«Актыўная фаза аператыўна-баявых мерапрыемстваў у гарадах Махачкала і Дэрбент завершана. Будуць праводзіцца наступныя аператыўна-вышуковыя і следчыя мерапрыемствы – да выяўлення ўсіх удзельнікаў гэтых спячых ячэек, якія, безумоўна, падрыхтоўваліся, у тым ліку, і з-за мяжы», – зазначыў учора кіраўнік Рэспублікі Дагестан Сяргей Мелікаў.

Сінагога пасля пажару. Дэрбэнт, Дагестан. 23 чэрвеня 2024 года.
Фота: Isaev Aslan / Russian Look / Forum

У хадзе зачысткі зліквідавалі шасцёх нападнікаў. Паводле расейскіх спецслужбаў, сярод баевікоў – сваякі кіраўніка Сергакалінскага раёну Дагестану Магамеда Амарава. У тым ліку два сыны чыноўніка і ягоны пляменнік, матывы дзеянняў пакуль невядомыя.

Пры гэтым некаторыя расейскія палітыкі заявілі пра «ўкраінскі след» у атаках.

«У любым выпадку трэба назваць вінаватага, трэба ўказаць на ворага. Калі гэта будуць ісламісты, то гэта вельмі шкодна для таго дыскурсу, які Пуцін выбудоўвае. Тады пытанне ўзнікае: Уладзімір Уладзіміравіч, а мы дакладна з тымі ваюем? Можа, у нас вораг – вось там, ззаду, а не вось там – спераду?» – тлумачыць палітолаг Абас Галямаў.

На падзеі адрэагаваў муфтый рэспублікі Ахмад Абдулаеў. Ён адзначыў, што інцыдэнты ў Махачкале і Дэрбэнце – спробы экстрэмістаў распаліць міжрэлігійныя канфлікты.

«Гэтага ў прынцыпе не павінна было адбыцца. Гэта павінна было быць папярэджана на ўзроўні працы спецслужбаў. Напрыклад, ФСБ. Але тут і ФСБ праваліўся, Расгвардыя правалілася, тут і МУС правалілася – ​​усе органы і сістэмы ўлады, яны праваліліся», – дадае Абубукар Янгулбаеў.

Паводле кіраўніцтва рэгіёну, колькасць загінулых у тэрактах дасягнула 19-ці асобаў. Бальшыня забітых – супрацоўнікі паліцыі. У краіне абвесцілі жалобу. З 24-га да 26-га чэрвеня на тэрыторыі рэспублікі прыспусцяць дзяржаўныя сцягі. Па фактах узброеных нападаў Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальныя справы. Паводле МЗС Беларусі, нашых суграмадзянаў сярод пацярпелых няма.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»