Контуры новай жалезнай заслоны: Польшча хоча адасобіцца ад Беларусі


З 25-га чэрвеня падацца ў візавыя цэнтры Горадні і Ліды могуць толькі беларусы, зарэгістраваныя ў Гарадзенскай вобласці. Да таго ж Польшча сёлета значна скараціла колькасць візаў. Пацярпелі не толькі беларусы, але агулам усе замежнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта звязана з унутрана польскімі праблемамі, – мяркуе журналіст «Reform.news» Аляксандр Атрошчанкаў. – Некалькі месяцаў у разгары візавы скандал, звязаны з тым, што выдавалі беспадстаўна працоўныя візы».

На дзень 14-га чэрвеня сёлета працоўныя візы атрымалі блізу 100 тысячаў чалавек, шэнгенскія – прыблізна 40 тысячаў, а гуманітарныя ўсяго 542 асобы. Год таму лік быў большы ў разы. Прычым асабліва зменшылася колькасць выданых гуманітарных візаў.

«Пасля 2020 году, калі беларусы паказалі сабе сапраўднымі еўрапейцамі, прайшло амаль 4 гады, і, канешне, стаўленне да беларусаў у свеце, у нашых краінах-суседках змяняецца не ў лепшы бок у сувязі з агрэсіяй, якая ідзе з боку беларускай мяжы», – дадае Атрошчанкаў.

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі днямі выступіў з заяваю наконт магчымасці закрыць рэшту памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю. Гэта пасажырскі пераход Берасце-Тэрэспаль, грузавы Казловічы-Кукурыкі, а таксама 4 чыгуначныя.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль-Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Ясна, што пацярпяць нармальныя беларусы, але мы ўвайшлі ў такі перыяд санкцый і ціску на беларускі рэжым, што ад пазбягання санкцыяў таксама цярпіць нармальнае грамадства», – кажа публіцыст «Белсату» Міхал Кацэвіч.

А прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда проста цяпер ладзіць візіт у Кітай. Адною з тэмаў перамоваў будзе гібрыдная вайна на мяжы, якую ладзяць Пуцін і Лукашэнка, і магчымасць Пекіну паўплываць на іх. Толькі з пачатку года польскі бок зафіксаваў з Беларусі блізу 20-ці тысяч спробаў незаконнага пранікнення. У канцы траўня ад рук аднаго з мігрантаў загінуў польскі вайсковец.

«Калі колькасць мігрантаў на мяжы паменее, значыць і аргументы, і вось гэтая эканамічная дыпламатыя спрацавалі. Калі не – на жаль, пабудова жалезнай заслоны, якая паціху з’яўляецца на мяжы паміж ЕЗ і Беларуссю, будзе прыспешаная», – мяркуе палітолаг Анатоль Котаў.

Дэмакратычныя сілы Беларусі бачаць небяспеку ў паступовым утварэнні жалезнай заслоны і тым, што нашая краіна аказваецца з нецывілізаванага боку мяжы.

«Так, можна ціснуць на рэжым праз закрыццё грузапатокаў, але разам з тым давайце будзем паляпшаць сітуацыю для беларусаў, – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі. – Таму што гэта не толькі пытанне адукацыйнага, бізнес ці персанальнага абмену, гэта таксама пытанне прыналежнасці беларускай нацыі да еўрапейскай сямʼі. Нельга абрываць гэтыя сувязі».

На гэтым тыдні пройдзе сустрэча кансультацыйнай групы «Беларусь-Еўрапейскі Звяз». Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай абяцаюць прасоўваць пытанне мабільнасці і незакрыцця межаў для беларусаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»