Ціханоўская: зараз найлепшы шанец выгнаць расейскае войска з Беларусі


Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі на надзвычайным паседжанні з нагоды падзеяў у Расеі стварыў аператыўны штаб.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што для дэмакратычных сілаў вельмі важна, каб беларуская армія не ўдзельнічала ў грамадзянскай вайне ў Расеі:

«Мы ведаем аб тым, што Лукашэнка вядзе кансультацыі з Пуціным аб магчымасці накіравання брыгады віцебскай сіл спецыяльных аперацый у Маскву, дзеля таго, каб абараніць Маскву ад войска Прыгожына. Мы катэгарычна выступаем супраць. Нашыя дзеянні будуць накіраваныя на тое, каб не дапусціць на тэрыторыі Беларусі найгоршага сцэнара».

З заклікам да беларускіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць ва ўнутраным канфлікце ў Расеі выступіў і полк Кастуся Каліноўскага. Вайну паміж Прыгожыным і Пуціным беларускія добраахвотнікі назвалі пачаткам канца вялікай тыраніі.

«Нам будуць патрэбныя людзі для рашучых дзеянняў. Рыхтуйцеся да ўступу да атрадаў самаабароны. Кожны горад, кожны квартал, кожная вуліца – будзьце гатовыя для кантролю сваёй тэрыторыі і падтрымцы парадку. Вайскоўцы, рэзервісты, беларусы – чакайце нашага сігналу. Час свабоды набліжаецца», – заявіў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў (пазыўны Кіт).

Камандзір палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук у інтэрвʼю «Белсату» удакладніў: каб гэты сігнал адбыўся, павінна супасці адразу некалькі чыннікаў:

«Гэты сігнал будзе выглядаць такім чынам, што пра яго пачуюць усе. І я зараз не магу казаць, безумоўна, ніякія тэрміны, таму што ў прынцыпе я іх сам яшчэ не ведаю на сённяшні час. Усе будзе залежыць у тым ліку, як зараз падзеі будуць разгортвацца вакол Масквы і на ўкраінскім фронце».

Уваход палка Кастуся Каліноўскага ў Беларусь былы супрацоўнік службы бяспекі Украіны і вайсковы эксперт Іван Ступак назваў галоўным страхам Аляксандра Лукашэнкі:

«Напрыклад, фантазуем. Кіеўская вобласць. Мазыр. Вось Кіеўская вобласць праходзіць Мазыр, Гомель і пачынаюць людзі далучацца. Вайскоўцы, памежнікі далучаюцца. І вось заходзіць 100 чалавек, а праз 4 гадзіны іх ужо тысяча. Праз 8 гадзін іх ужо 4 тысячы. Гэта значыць, вось гэты вал будзе набірацца. Куды бегчы? Чыю дапамогу прасіць?»

А адным з першых да беларусаў сёння звярнуўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык. Ён заявіў, што калі беларусы цяпер не скарыстаюцца гістарычным шанцам, назва Рэспубліка Беларусь застанецца толькі ў кніжках:

«Я хачу звярнуцца найперш да беларускіх вайскоўцаў. Нам няма на каго разлічваць. Але мы з вамі абʼяднаўшыся сапраўды з гэтым справімся. Мы адна з найлепшых нацый свету. У нас будзе час пазадаваць адно аднаму пытанні і выказаць прэтэнзіі. Але давайце не зараз. Давайце абʼяднаем нацыю. Зараз выратуем радзіму, а ўсё астатняе – потым».

У сваю чаргу каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка канфлікт ва ўзброеных сілах Расеі параўнаў з падзеямі 1918 года і перасцярог беларусаў ад памылак, якія мелі месца пры ўтварэнні БНР:

«Узброены мяцеж не ў Беларусі. У Лукашэнкі дагэтуль ёсць войска. І яно нікуды не разбеглася. І так, зараз Лукашэнка наўрад ці здольны спадзявацца на падтрымку вайсковую Расеі, але разам з тым ягоныя сілы пакуль нікуды не зніклі, і таму, плануючы там нейкія радыкальныя дзеянні, трэба таксама гэта ўлічваць».

Падзеі ўнутры Расеі пракаментавала і Святлана Ціханоўская. Яна заявіла, цытата: «зараз найлепшы шанец выгнаць расейскіх вайскоўцаў з нашай краіны. Калі гэты шанец будзе прапушчаны, Расея зробіць з намі гэтак жа, як з Украінай».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат».