«Не з палітвязняў гэта ўсё пачалося». «Вясна» прэзентавала даклад аб катаваннях


Збіваюць, катуюць святлом, хлёркаю, не лекуюць, набіваюць бітма камеры, не даюць маці дачыняцца з дзецьмі, якія нарадзіліся падчас адбывання тэрміну, – гэта малая частка таго, што робяць з беларускімі вязнямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта датычыць не толькі палітвязняў, больш за тое – не з палітвязняў гэта ўсё пачалося. Тыя катаванні, якія былі не такімі масавымі, умоўна кажучы, у 2018 годзе, яны масава выкарыстоўваюцца ў 2022-м. Па сутнасці, іх спачатку абкаталі, а потым сталі масава выкарыстоўваць», – кажа Аляксандр Буракоў з «Вясны».

Цяпер у Беларусі пазбаўленых волі на доўгія тэрміны – больш за 40 тысяч асобаў. Ад жніўня 2020 года праваабаронцам вядома пра 2900 асобаў, якія зазналі крымінальны пераслед, і пра 1850 тых, хто быў асуджаны. Паводле праваабаронцаў, лічба можа быць на 20 адсоткаў вышэйшая.

«Здзіўляе, як дзяржава старанна робіць гэтыя рэчы незаўважнымі, як хаваюцца дадзеныя: колькасныя, якасныя. У многіх краінах людзі ведаюць да адной асобы, колькі адбывае пакаранне. Мы не ведаем з дакладнасцю да тысячаў», – распавядае юрыст «Вясны» Павел Сапелка.

Асноўныя зафіксаваныя парушэнні – гэта таемныя суды, перапоўненыя камеры, нядопуск адвакатаў, невыкананне санітарных нормаў, фізічны гвалт.

Запытваю ў былой зняволенай і валанцёркі «Вясны» Марыі Тарасенкі, ці ўдалося ёй рэабілітавацца псіхалагічна і фізічна?

– Мне часта сняцца сны, дзе мяне пераследуюць, я баюся, што мяне могуць… Як пераслед – прачынаюся ў страху.

– Колькі сілаў і сродкаў нам спатрэбіцца на рэабілітацыю палітвязняў?

– Проста неабходна задзеяць вялізарную колькасць псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў, мусіць быць праграма рэабілітацыі. Да гэтага трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

А пакуль што, паводле праваабаронцаў, мы мусім збіраць інфармацыю, заяўляць пра сітуацыю на міжнародным узроўні, каб тэма Беларусі не пакідала актуальнага парадку дня.

Алёна Дубовік, «Белсат»