«Закон і правапарадак» сыходзіць, «Наша справа» застаецца


Мінус адзін спіс. Блок Аляксандра Азарава знялі з выбараў у Каардынацыйную раду. Такую пастанову выбарчая камісія прыняла пасля таго, як Азараў адмовіўся зняць сваю кандыдатуру. Каманда «Закон і правапарадак» большасцю галасоў прыняла рашэнне падтрымаць свайго лідара.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чальцы выбарчай камісіі не патлумачылі, у адпаведнасці з якімі правіламі яны прынялі такую пастанову, якія канкрэтна правілы парушыў Азараў, на чым палягае парушэнне. І не далі ніякага юрыдычнага абгрунтавання. Пастанова была прынятая на эмоцыях у адпаведнасці з асабістым меркаваннем і прэтэнзіямі да Аляксандра Азарава», – гаворыцца ў адказе каманды «Закон і правапарадак» на рашэнне выбарчай камісіі.

Патрабаванне зняць кандыдатуру Азараву выставілі напярэдадні на адкрытым паседжанні выбарчай камісіі. Прычына – скандал з рассылкаю праз чат-бот плану «Перамога» агітацыі за спіс «Закон і правапарадак».

З’явіліся паведамленні, што рассылку атрымалі нават людзі, якія даўно выдалілі чат-бот.

«Але калі ён выдаліў гэты чат-бот… Як пішуць нам грамадзяне Беларусі ў сваіх скаргах: я выдаліў, але мне прыйшло без маёй згоды. Гэта і ёсць парушэнне», – казала падчас паседжання старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька.

«Давайце праверым гэтыя скаргі, кім яны напісаныя. Яны напісаныя, найхутчэй, працаўнікамі КДБ», – адказваў ёй Аляксандр Азараў.

Паколькі ў выбарчай камісіі няма механізму, каб выключыць са спісу канкрэтнага кандыдата, то пасля адмовы Азарава спіс знялі цалкам.

«Выбарчая камісія цалкам карэктна, я лічу, паступіла, бо велізарнае абурэнне выклікаў гэты крок. Калі б, умоўна кажучы, яны разаслалі проста заклік удзельнічаць у выбарах у КР – ну добра. Хаця таксама – ці варта было так рызыкаваць людзьмі?» – задаецца пытаннем палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

З пагрозаю выключэння сутыкнуўся і спіс «Наша справа» на чале з Розай Турарбекавай, бо там знялі свае кандыдатуры дзве ўдзельніцы. У выніку спіс перастаў адпавядаць патрабаванням гендарных квотаў, паводле якіх не менш за 40 адсоткаў кожнага спісу павінны складаць жанчыны.

«Вядома, калі ў нас не будзе іншага выйсця, я вазьму на сябе функцыі Адміністрацыі Лукашэнкі і пакладу на алтар дзве заявы, дзве асобы, але гэта, мне падаецца, будзе палітычна вельмі непрыгожа, нядобра і несправядліва», – казала падчас паседжання камісіі лідарка спісу «Наша справа» Роза Турарбекава.

Пасля таго як Віктар Саскевіч і Андрэй Жукавец напісалі заявы аб самаадводзе, спіс Розы Турарбекавай застаўся ў выбарчых бюлетэнях. Але «Наша справа» абскарджвае рашэнне выбарчай камісіі.

«Мы лічым, што яно абсалютна неправамоцнае, што яно дыскрымінацыйнае. І заклікалі нашых калег з іншых выбарчых спісаў падтрымаць нас, таму што ўжо быў кейс выключэння, напрыклад, сяброўкі з іншага спісу. Мы падтрымалі, і яе аднавілі ў правах, гэта Аліна Коўшык. І мы будзем спадзявацца, што гэтае рашэнне будзе адмененае пад заклікам грамадскасці», – кажа чалец спісу «Наша справа» Віталь Рымашэўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) у пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Напярэдадні ў шэрагу сваякоў кандыдатаў у Беларусі прайшлі ператрусы. Пра 12 такіх выпадкаў заявіла кааліцыя «Каманда Латушкі і рух «За свабоду». Пра ператрус у бацькоў паведамляла спартоўка Крысціна Ціманоўская, якая балатавалася ў складзе спісу «Закон і правапарадак».

«Учора прайшлі ператрусы ў сваякоў, усіх сваякоў сябраў нашага спісу ў Беларусі. Іх выклікалі на допыты ў КДБ. І па сутнасці, адначасова адбываліся гэтыя допыты і паседжанне выбарчай камісіі», – кажа Віталь Рымашэўскі.

Днямі Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы супраць усіх 257 кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Раней усе 12 выбарчых спісаў сілавікі прызналі так званымі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Прычынаю такой жорсткай рэакцыі можа быць страх рэжыму, што Рада абʼяднае беларусаў, мяркуе Юрый Дракахруст:

«Вось пачынаецца нейкі палітычны працэс, пачынаюцца нейкія пратэсты, нейкія страйкі – Каардынацыйная рада можа (я не кажу, што абавязкова стала б, але можа) стаць штабам, нейкай структурай, якая гэтыя дзеянні будзе каардынаваць».

Галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду пачнецца заўтра і працягнецца да 27-га траўня. А ўжо менш як праз гадзіну ў нашым эфіры выбарчы вечар з дэбатамі кандыдатаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»