У Беларусі рыхтуюць амністыю


Амністыя як спосаб павялічыць колькасць месцаў для новых палітвязняў? Рэжым абвесціў, што рыхтуе вызваленне ды палёгку для беларускіх асуджаных. Аднак палітычных зняволеных новы закон не тычыцца. Не робіцца палёгкі нават для палітзняволеных жанчын з дзецьмі. У той час як зменшаць тэрміны маці, асуджаным за наркотыкі ці забойствы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так званы парламент на цяперашняй сесіі рыхтуецца да разгляду законапраекту аб чарговай амністыі. Дакумент прайшоў зацвярджэнне ў сілавых ведамствах і Адміністрацыі Лукашэнкі. Паводле разлікаў дэпутатаў, амністыю ўжывуць да больш чым 7000 асуджаных.

«Проста няма куды людзей саджаць. На жаль, гэта факт. Гэта толькі вызваленне месцаў для іншых людзей. Для таго, каб больш людзей прапусціць праз малох рэпрэсіяў. І гэта тычыцца не толькі палітычных людзей, але простых беларусаў», – мяркуе актывіст і муж палітзняволенай Паліны ШарэндыПанасюк Андрэй Шарэнда.

Пад амністыю могуць трапіць дзесяць катэгорыяў асуджаных, сярод якіх пенсіянеры і непаўналетнія. Новы закон распаўсюдзяць на людзей з інваліднасцю, а таксама хворых на туберкулёз, рак і сухоты ды інфікаваных ВІЧ. Амністыя тычыцца і грамадзянаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

«Амністыя ўжываецца не толькі ў дачыненні тых, каму вынесены прысуд. Амністыя ўжываецца яшчэ на стадыі следства. Калі я працаваў адвакатам, яна ўжывалася і на следстве, і ў судзе. І гэта, вядома, вызваляе людзей ад далейшага судовага разбору. Гэта аблягчае крыху», – зазначае юрыст і праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Пад палёгку не трапяць палітвязні. Амаль усе так званыя палітычныя артыкулы ўключаныя ў спіс, паводле якога амністыі не будзе. Апроч таго, не пашанцуе злосным парушальнікам. Гэткі статус звычайна маюць усе палітвязні, у тым ліку і тыя, хто фармальна не асуджаны паводле палітычных артыкулаў.

Зняволеныя наваполацкай калоніі.
Скрыншот: Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў па Віцебскай вобласці / Youtube

«Злачынствы экстрэмісцкага характару не падпадаюць пад амністыю. Гэта значыць, яны робяць усё, каб гэтая катэгорыя пераследавалася па-ранейшаму і жорны рэпрэсіяў рухаліся ў дачыненні гэтых людзей, незалежна ад якіх-небудзь амністыяў», – мяркуе Раман Кісляк.

Сярод новаўвядзенняў амністыі, якую рыхтуюць да лукашэнкаўскага Дня Незалежнасці, – палёгка жанчынам, якія былі асуджаныя за наркотыкі ці забойства ды маюць дзяцей. Але ніводную палітзняволеную маці не амністуюць. Як, напрыклад, Паліну Шарэнду-Панасюк, маці дваіх дзяцей. 21 траўня яна мелася выйсці на волю, але ёй выставілі новае абвінавачанне ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

«Рэжым Лукашэнкі сапраўды дзее, як маньяк. А маньяку выгадныя такія ахвяры, якія не могуць даць здачы. І таму ні мая жонка, Паліна Шарэнда-Панасюк, ні тая ж самая Вольга Залатар, маці пяці дзяцей, якая застаецца за кратамі, пад амністыю, зразумела, не трапяць», – кажа Андрэй Шарэнда.

З 1991 года цяперашняя амністыя будзе 18-аю. Папярэдняя прайшла пазалетась. Яе праводзілі да так званага Дня народнага адзінства. Тады амніставалі каля 5500 чалавек, палітзняволеных сярод іх не было.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»