Пуцін наведаў Менск


Лукашэнка знайшоў вінаватага ў смерці прэзідэнта Ірану Раісі. «Гідкая, агідная пазіцыя Злучаных Штатаў прывяла да гэтага. Найперш – санкцыі», – заявіў ён у Менску падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Гаворка ішла таксама пра адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй. І пра нібыта нелегітымнасць Уладзіміра Зяленскага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менскія перамовы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам сам-насам доўжыліся сёння 1 гадзіну і 45 хвілінаў. Інтрыгаю было – пра што здолелі дамовіцца. Але пэўны час інтрыга заставалася нераскрытаю. Спікеры перад журналістамі абменьваліся кампліментамі і «святочным настроем». Хаця адразу ж па прылёце ў Менск Пуцін агучваў Лукашэнку зусім іншыя тэмы.

«Абмяркуем, у тым ліку, і пытанні бяспекі, якім вы надаяце сталую вялікую ўвагу. Пагаворым, канешне, пра другую фазу вучэнняў. Гэта звязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў і калегаў».

Гаворка ідзе пра беларуска-расейскае вучэбнае адпрацоўванне ўжывання тактычнай ядравай зброі. На думку расейскага палітолага Аляксандра Марозава, момант і тэма перамоваў выбраныя невыпадкова.

«Відавочна, што наўпрост асабісты ўдзел Пуціна ў вучэннях выкарыстання тактычнай ядравай зброі, вядома, чытаецца ўсімі як цалкам пагрозлівы крок. На гэта Пуцін і разлічвае».

Для Лукашэнкі ж валоданне ядравым арсеналам – даўняя мара. Нібыта наяўнасць такіх боегаловак падвышае палітычную вагу дзяржавы.

«Зброя гэтая – дакладная, смяротная, небяспечная. З аўтаматам не параўнаеш. Трэнавацца трэба. – падкрэсліў ён сёння. – Гэта нашае трэцяе навучанне з моманту размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ну, а ў Расеі (яны раней гэта не афішавалі) – там, напэўна, дзясяткі такіх трэнаванняў!»

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валерый Карбалевіч ведае дакладную прычыну гэткім схільнасцям.

«У ягоным уяўленні ядравая зброя дадае яму дадатковую сілу, дадатковы аргумент, дадатковую вагу. Ну, а калі гэтая сіла ёсць, трэба ёю час ад часу махаць перад носам апанентаў і ворагаў».

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: kremlin.ru

У анонсе візіту была яшчэ тэма прасоўвання нейкіх супольных «гандлёва-эканамічных праектаў». За гэта ў Беларусі адказвае ўрад. А прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка акурат у гэты ж дзень у туркменскім Ашгабаце бярэ ўдзел у паседжанні кіраўнікоў урадаў краінаў СНД. Абмяркоўваць эканамічны блок без яго – прынамсі дзіўна. Пагатоў, з новапрызначаным міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым.

«Белавусаў, пэўна ж, можа паспрабаваць неяк яшчэ аптымізаваць вайскова-тэхнічную супрацу і пастаўкі, якія ідуць з Беларусі праз Беларусь у Расею. Але рэсурсаў няшмат, і яны ўсё задзейнічаныя», – разважае расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў.

Традыцыйна чарговасць замежных візітаў новаабранага кіраўніка дзяржавы дэманструе ягоныя прыярытэты ў замежнай палітыцы, нагадаў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

«Пуцін пасля інаўгурацыі першы візіт здзейсніў у Кітай. Ну, а другі візіт – ужо ў Беларусь. Тут сімвалізм вельмі моцны. Трэба паказаць, што Беларусь – саюзнік. А саюзнік падчас вайны каштуе вельмі дорага».

Уладзімір Пуцін прыляцеў у Беларусь уначы. Выданне «Зеркало» напісала, што за 12 хвілінаў да таго ў Менску прызямліўся самалёт-двайнік з Расеі. Абодвух суправаджалі беларускія ды расейскія знішчальнікі.

Са свайго самалёта Пуцін спускаўся адмысловым куленепрабівальным трапам. Трохі пасядзеў у аэрапорце і адправіўся ў рэзідэнцыю на Менскім моры. Там Лукашэнка звычайна ладзіць непублічныя сустрэчы. Напрыклад, з вагнэраўцам Яўгеніем Прыгожыным летась у чэрвені.

Марына Яновіч, «Белсат»