Беларускае слова гучыць на Варшаўскім кніжным кірмашы


У самым сэрцы Варшавы праходзіць галоўная падзея года ў Польшчы, звязаная з кнігамі. Міжнародны варшаўскі кніжны кірмаш. Сёлетняя падзея адбудзецца з удзелам беларусаў. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На стэндзе незалежных выдаўцоў «Вольная Беларусь» – айчынная і сусветная класіка. Не бракавала і сюрпрызаў. Зазвычай выдаўцы прыязджаюць на выставу з навінкамі. Не абмінулі гэтай традыцыі і ў выдавецтве «Янушкевіч». Галоўная падзея беларускага стэнду – старт продажу кнігі Стывэна Кінга «Ззянне».

«Тут доўга думаць не прыйшлося, каб нарэшце выдаць першы раман амерыканскага пісьменніка па-беларуску. Наспеў час, у нас ужо ёсць досвед у такіх справах – мы вельмі ганарымся, што гэтую справу ўдалося здзейсніць», – распавёў выдавец Андрэй Янушкевіч.

Паводле перакладніцы Ганны Комар, пераклады сусветнай класікі ўзбагачаюць беларускую культуру і папулярызуюць мову.

«Пераклады заўжды ўзбагачаюць культуру, узбагачаюць літаратуру і мову, а ў нашым выпадку пераклады такіх знакавых замежных кніг падвышаюць статус беларускай мовы і прыцягваюць увагу чытацкай аўдыторыі, якая, можа быць, інакш бы не зацікавілася беларускай кнігай. Так было і з перакладамі “Гары Потэра”», – тлумачыць перакладніца Ганна Комар.

выдавец Андрэй Янушкевіч, издатель Андрей Янушкевич
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Андрэй Янушкевіч. Варшава, Польшча. 6 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Беларускі пераклад раману выклікаў сапраўдны інтарэс у чытачоў задоўга да старту продажу.

«Калі я даведалася, што будзе падпісаная дамова з прадстаўнікамі Стывэна Кінга, то з таго моманту я чакала, калі адбудзецца прэзентацыя. Сёння мы не спяшаліся, а ляцелі. Я нават хвалявалася, што мы спазняемся на дзесяць хвілінаў. Для мяне асабіста гэта рэальна падзея, таму што гэта і па-беларуску, і гэта мой улюбёны аўтар яшчэ пры гэтым», – распавяла наведніца кірмашу Ксенія.

Планы ў выдавецтва амбітныя. На просьбу чытачоў будуць перавыданыя першыя тры часткі серыі кніг пра «Ведзьмара» Анджэя Сабкоўскага, а таксама да выдання рыхтуецца 5-ая частка серыі. І гэта яшчэ не ўсё.

«Пару дзён таму мы заключылі кантракт на выданне вялікага збору апавяданняў аргентынскага класіка ХорхэЛюіса Борхэса. Спадзяюся, кніга выйдзе ў 2025 годзе», – падзяліўся планамі выдаўца Андрэй Янушкевіч.

Сярод навінак, прымеркаваных да выставы, – прыгодніцкі раман Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба» з ілюстрацыямі Лявона Вольскага, кніга для дзяцей Эльгі Паповай «Мора ў горадзе» ды іншыя. Усе кнігі выдадзеныя прыватнымі выдавецтвамі. Але чаму не дзяржаўнымі?

«Калі ты жывеш за кошт усяго гатовага, то няма матывацыі шукаць нейкія іншыя шляхі, выходзіць па-за межы стандартнага нечага, традыцыйнага, нейкіх відавочных рэчаў, то і няма такіх рэсурсаў, няма прадпрымальніцкай жылкі ды і проста няма ідэяў», – дадае перакладчыца Ганна Комар.

Кнігі беларускіх выдаўцоў дасяжныя ў Беларусі праз маркетплэйсы. А вось сама Варшаўская выстава адкрытая для наведнікаў да 26 траўня.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»