Чым расплочваецца Беларусь за суагрэсію ў вайне супраць Украіны?


Менскія цяжкавікі і карпаратыўныя правы двух беларускіх прадпрыемстваў канфіскаваныя днямі ў Кіеве. А раней украінскія ўлады абвесцілі канфіскацыю вагонаў, угнаенняў, металу ды іншай маёмасці Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падольская акруговая пракуратура Кіева зараз кіруе дасудовым расследаваннем паліцыі паводле факту фінансавання дзеянняў, накіраваных на змену межаў і парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Падчас следства былі выяўленыя два прадпрыемствы, звязаныя з Беларуссю: «АўтаМАЗ-Украіна» і «Гандлёвы Дом МАЗ-Украіна». 20 цяжкавікоў і два прычэпы вытворчасці Менскага аўтазаводу прызнаныя рэчавым доказам крымінальнай справы. Яны арыштаваныя.

Першы намеснік кіраўніка Падольскай акруговай пракуратуры заўважыў, што ўласнік маёмасці мае права абскардзіць накладзены арышт, але пракуроры будуць здзяйсняць усе належныя працэсуальныя дзеянні, каб давесці сваю прававую пазіцыю. Згаданая маёмасць, згодна з заканадаўствам Украіны, можа быць перададзеная агенцтвам АРМА кіраўніцтву Збройных сілаў Украіны для забеспячэння абароназдольнасці нашай дзяржавы.

АРМА – дзяржаўнае ўкраінскае ведамства, упаўнаважанае адшукваць карупцыйныя актывы і кіраваць імі. Гэтая дзейнасць праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з праваахоўнымі органамі.

«Нам пад праваахоўных органаў прыходзяць запыты, і мы на гэтыя запыты вышукваем інфармацыю пра актывы за мяжою, ва Украіне, – распавёў начальнік аддзелу камунікацыі і прамоцыі АРМА Павел Бульдовіч. – У нас ёсць доступ да ўсіх базаў дадзеных, да ўсіх рэестраў, Мы супрацоўнічаем з Інтэрполам, шмат з якімі ўстановамі за мяжой. Магчымасці па вышуку і выяўленню актываў у нас вялізарныя і вельмі вялікі, каласальны аб’ём працы».

Канфіскаваныя ў Кіеве беларускія грузавікі МАЗ.
Фота: Офіс генеральнага пракурора Украіны

Павел Бульдовіч падкрэсліў, што АРМА абараняе правы ўласніка ды інтарэсы дзяржавы. Агенцтва неабходнае, каб на час следства падазроны актыў не абясцэніўся і не быў раскрадзены. Найчасцей такая маёмасць перадаецца якой-небудзь кампаніі – прыватнай альбо дзяржаўнай – у часовую арэнду. Менавіта гэтак і зробяць з беларускімі «МАЗамі».

«АРМА яшчэ можа прадаць актыў, але не ў гэтым выпадку. Тут у пастанове суда дакладна сказана, што мы павінны кіраваць ім, перадаўшы суб’екту гаспадарання, то бок якой-кольвек кампаніі. Так мы і зробім», – заявіў Павел Бульдовіч.

Гэта не першая канфіскаваная дзяржаўная маёмасць Беларусі альбо ўласнасць асобаў, звязаных з нашаю краінаю.

У сакавіку «Украінская чыгунка» аб’явіла, што канфіскуе 5000 вагонаў, а таксама некалькі лакаматываў, якія належаць «Беларускай чыгунцы», як маёмасць саюзніка агрэсара.

Была, апроч іншага, арыштаваная 51 чыгуначная цыстэрна і 3 тысячы тонаў дызельнага паліва. Пазней стала вядома пра канфіскацыю сталі і калійных угнаенняў з Беларусі – 102 вагоны, якія апынуліся ў Жытомірскай вобласці напярэдадні вайны.

У Чаркаскай вобласці знайшлі і сканфіскавалі чыгуначны вагон з электраабсталяваннем аднаго з беларускіх прадпрыемстваў.

Пасля ўкраінскія ўлады заявілі пра намер нацыяналізаваць «Надзею» – адзіны ў Беларусі карабель класу «рака – мора».

12-га траўня Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які дазваляе канфіскаваць маёмасць тых, хто падтрымлівае расейскую агрэсію. І ў той жа дзень украінскія праваахоўнікі арыштавалі 158 беларускіх аўтамабіляў і спецтэхнікі на 7,5 мільёна долараў у афіцыйнага дылера – на падставе ўхілення ад выплаты падаткаў.

Арыштаваныя актывы беларускіх і расейскіх кампаніяў коштам больш за 1 мільярд долараў.

Падчас рыхтавання гэтага сюжэту апытаныя беларускія адмыслоўцы падкрэслівалі, што дакладна ацаніць шкоду пакуль немагчыма: сітуацыя мяняецца кожны дзень. Але ўжо сёння можна меркаваць, што цана для нашай краіны будзе немалою. Гэта пацвердзіў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Што тычыцца палітычных аспектаў, будучыні, – то таксама нельга выключаць, што, паводле ўсіх міжнародных канвенцый, Беларусь фактычна ёсць суагрэсарам. І калі ўявіць сабе радыкальнае, кардынальнае паражэнне Расеі, то Беларусь таксама можа трапіць пад такія меры, якія прымяняюцца для краінаў-агрэсараў, якія пацярпелі паразу. Гэта самыя розныя выплаты, кампенсацыі і гэтак далей».

Палітычныя авантуры – забава вельмі дарагая. Шкада толькі, што плаціць мусіць заўсёды народ.

Марына Яновіч, Аляксандр Мікрукоў «Белсат»