Лукашэнка хлусіў з алтару ў царкве


Асабліва ўрачыстыя набажэнствы ў менскім саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла ладзяцца ў найважнейшае царкоўнае свята – Вялікдзень. Але наведаць царкву на радзіме змаглі не ўсе беларусы. Нарадзінец Беларусі Віталь Баль прыйшоў на службу ў варшаўскі кафедральны сабор:«Вельмі дрэнны настрой, бо мая сям’я засталася ў Беларусі. І я не ведаю, што рабіць далей. Вярнуцца абавязкова трэба, калі наша краіна стане вольнай».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа.

Сёлета сабор Святой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў Варшаве не мог змясціць усіх наведнікаў службы, многія з якіх уцякалі ад вайны з Украіны: «Мы з Харкава і мы хочам папрасіць у Бога, каб ён скончыў гэтую жудасную вайну, каб мы маглі вярнуцца дадому».

«Мы ўсе молімся за тое, каб усё гэта як мага хутчэй скончылася і мы маглі вярнуцца ў свой дом. У каго, вядома, ён ёсць. Шмат у каго яго ўжо няма. Не тое што дамоў – нават гарадоў ужо няма».

Усяночная з хросным ходам сімвалізуюць пераход чалавецтва з цемры да святла. Пра святло ў сваім звароце з сабору Сафіі Кіеўскай казаў і прэзідэнт Украіны:

«У гэты светлы дзень я і большасць з нас не ў светлым адзенні, але мы змагаемся за светлую ідэю на светлым баку. І на нашым баку праўда, людзі, Госпад і найвышэйшае нябеснае ззянне».

У гэты ж час прэзідэнт Расеі, краіны, што распачала вайну ва Украіне, нічога не сказаў ні пра святло, ні пра мір, нават у царкве словы велікоднага абраду ледзь прамаўляў. Затое з алтару доўга прамаўляў Лукашэнка. У царкве, што месціцца ў мястэчку Копысь вернікі слухалі словы няпраўды пра палітыку і пра нашых суседзяў з Еўразвязу.

«Яны стаяць уздоўж мяжы і просяць, каб мы іх прапусцілі ў Беларусь, хаця б грэчкі купіць. Ды ладна крупаў, солі няма. Солі просяць купіць у нас», – хлусіў Лукашэнка.

Соль, яйкі, мука ёсць на Захадзе і нават у ахопленай вайною Украіне. Нашыя паўднёвыя суседзі прыйшлі асвяціць велікодныя кулічы і яйкі – сімвалы жыцця:«Нас не запалохаць, хаця многія казалі, што будуць правакацыі. Бог нас беражэ, вера нас беражэ».

«У такое вялікае свята! Бог з намі! Мы пераможам! Слава Украіне!»

«Кожны дзень ты інакш ацэньваеш, бо разумееш, што можаш гэта страціць. Таму сёлета як ніколі хочацца быць з сям’ёю, са сваімі блізкімі, у сваёй любімай краіне».

А тым, хто з вайною прыйшоў у краіну, святары кажуць:«Прыйшлі са злом – сваё зло атрымаюць на свае ж галовы. А нам – радасці! Мы маем жыць, маліцца, будаваць сваю дзяржаву, але спачатку адстаяць яе незалежнасць. Таму хай Бог бласлаўляе добрыя пачынанні ўкраІнцаў і нашую маці-Украіну! Хрыстос уваскрэс!»

Сапраўды ўваскрэс! Згодна царкоўнай традыцыі, гэтак вітацца вернікі могуць не толькі ў Светлую Хрыстову Нядзелю, але і наступныя 40 дзён.

Вольга Старасціна, “Белсат”