Савет міністраў Беларусі будзе «бамбіць Варонеж»


Фонд спартовай салідарнасці заклікаў усіх удзельнікаў чэмпіянату Еўропы па велатрэку байкатаваць турнір у Менску, які мусіць прайсці ў чэрвені. Аб’яднанне знакамітых беларускіх спартоўцаў – сапраўдных чэмпіёнаў – называе гэтую імпрэзу «чарговым спектаклем для падвышэння легітымнасці Лукашэнкі». А напярэдадні Савет Міністраў Беларусі ўвёў санкцыі супраць кампаніяў, якія адмовіліся быць спонсарамі хакейнага чэмпіянату свету ў Менску і выступілі ў абарону правоў грамадзянаў. Хто больш пацярпіць ад забароны ўвозу тавараў?

Савет Міністраў засядае ў тым жа комплексе будынкаў, што Палата Прадстаўнікоў і Цэнтрвыбаркам. І ўрад Рамана Галоўчанкі мог проста з вакна бачыць і масавыя пратэсты, і жорсткія затрыманні на плошчы Незалежнасці.

У пятніцу пад вечар міністры апублікавалі пастанову: забараніць увоз у Беларусь тавары груп кампаніяў з улікам іх непрыязных дзеянняў. Пад санкцыі трапіў чэшскі аўтагігант «ŠKODA AUTO», нямецкі брэнд аўтамабільнае хіміі «LIQUI MOLY» і нямецкі вытворца касметыкі «BEIERSDORF», найбольш вядомы беларусам праз марку «Nivea». Гэтыя кампаніі адмовіліся спансіраваць чэмпіянат па хакеі ў Менску з прычыны грубага парушэння правоў беларусаў. Арганізатары перанеслі імпрэзу ў Латвію.

«Беларускі рэжым не мог пакінуць без адказу, што нейкія фірмы адмовіліся спансіраваць спартовыя імпрэзы», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Забарона датычыць юрыдычных асобаў. Крамы і склады мусяць прыкладна да 9 траўня правесці інвентарызацыю рэшткаў санкцыйных тавараў для падатковай інспекцыі. А грамадзяне маюць права ўвозіць «санкцыёнку» для асабістага карыстання.

Дзеянні ўраду – гэта расейская традыцыя «бамбіць Варонеж»: караць грамадзянаў за свае палітычныя пралікі, тлумачыць эканаміст Леў Марголін. А заадно і прымушаць грамадзянаў купляць беларускае.

«Што датычыць «Нівеі», то тут не трэба і імпарт, тут ёсць беларускія гандлёвыя маркі», – нагадвае эканаміст.

Аўтамабілі «Шкода» – адныя з самых папулярных у Беларусі, летась яны былі на 6 месцы ў продажах, прыгадвае Анатоль Шаўчэнка, галоўны рэдактар газеты «Аўтадайджэст». Хоць еўрапейскія аўтазаводы ад гэтых санкцыяў моцна не пацярпяць.

«Пастанова, якую цяпер вынеслі, прынялі супраць «ŠKODA AUTO». А большасць аўтамабіляў, самых папулярных у Беларусі, гэта «Шкода Рапід». Вось такая, як стаіць у нас у двары, – гэта вытворчасць у Расеі. І, па ідэі, яны пад гэтую пастанову не падпадаюць, бо там вытворцам выступаюць «Шкода Рус Груп» – расейская кампанія».

Праўда, «Шкоду Рапід» яшчэ ў сакавіку забараніў прадаваць Дзяржаўны камітэт у стандартызацыі Беларусі – нібыта за праблемы з тэхнічнай дакументацыяй на марку. Аднак заводы «Шкоды» могуць зачыніць і ў Расеі, мяркуе адмысловец:

«Непрыязныя краіны, вы хіба ведаеце. З чэхамі там цяпер напружаная сітуацыя, высыланне дыпламатаў з абодвух бакоў. І недалёкі той час, калі і ў Расеі вынесуць аналагічную пастанову».

Чэхія выслала дзясяткі працаўнікоў расейскай амбасады за шпіёнскую дзейнасць, вынікам якой стаўся падрыў чэшскага складу боепрыпасаў 7 гадоў таму. Тады загінулі 2 асобы. У сувязі з дыверсіяй чэшская паліцыя абвесціла ў міжнародны вышук працаўнікоў ГРУ Пятрова і Башырава, вядомых выкарыстаннем хімічнай зброі «Новичок» у Вялікай Брытаніі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»