Ці можна лічыць беларускія дарогі не горшымі за нямецкія аўтабаны?


Разам з вясной у Беларусь прыходзіць не толькі цяпло, але і праблемы. Самыя відавочныя з іх – ямы на дарогах. Катастрафічная сітуацыя склалася практычна ўва ўсіх рэгіёнах нашай краіны!

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жыхары Фаніпалю знялі відэа, як яны прыехалі ў вёску Чырвоная Горка Дзяржынскага раёну. Паўсюль – бездараж. Дзяцей ад машыны да дому даводзіцца пераносіць на спіне. Мясцовыя камунальныя службы ведаюць пра гэтую сітуацыю. Але рабіць нічога не збіраюцца і ўва ўсім вінавацяць дрэннае надвор’е:

«Пакуль не ўсталюецца цёплае надворʼе і зямля не падсохне, выправіць дарожнае пакрыццё не атрымаецца. Да таго ж абʼект яшчэ не завершаны, работы працягнуцца. Прашу жыхароў паставіцца з разуменнем да сітуацыі, якая склалася».

Ёсць відэа з «возерам» – славутасцю Печаў, што каля Барысава. Мясцовыя жыхары жартаўліва называюць гэтае месца Бэрмудска-Печанскім трыкутнікам. Пасля кожнага дажджу там затапляе стаянку – і аўтамабілі пачынаюць плаваць.

Ёсць праблемы і на Гарадзеншчыне ў Ваўкавыску. Мясцовая жыхарка ідзе па вуліцы Клары Цэткін і спрабуе дакрычацца да дарожных службаў.

Таксама праблемы ёсць і на міжнародных трасах. Напрыклад участак дарогі Полацк – Санкт-Пецярбург за 5 кіламетраў ад памежнай мытні ў Расонскім раёне ўвесь у ямах.

Незадаволенасць беларускімі дарогамі выказваў нават Аляксандр Лукашэнка. Іх стан ён ацаніў на тройку:

«Людзі скардзяцца на дарогі. Асабліва ў Менску. Але гэта характэрна для ўсіх. На гэта я хачу наступным чынам адрэагаваць. Людзі павінны разумець, што зіма ў нас увогуле агідная. То мароз -20, -22, -25. Пасля зноў дождж пайшоў. То зноў зараз пачне падмарожваць. Натуральна, наш асфальт пачынае крышыцца».

На ўмовах ананімнасці эксперт у галіне будаўніцтва і абслугоўвання дарог пацвердзіў «Белсату», што дарогі сапраўды не любяць, калі перыядычна – цягам месяца, а то і тыдня – мароз змяняе адліга. Але наш эксперт катэгарычна не згодзен з тым, калі чыноўнікі і дарожнікі ўсе праблемы спісваюць на надворʼе:

«Гэтую праблему можна развязаць ужо на стадыі праектавання дарогі: варта выбраць толькі адпаведныя матэрыялы. Таксама існуе тэхналогія санацыі трэшчынаў: іх варта своечасова прадзімаць, сушыць і герметызаваць. У нас жа такая санацыя праводзіцца нерэгулярна і нярэдка з парушэннем тэхналогіі. Бо не стае сродкаў, якасных матэрыялаў, а дарожныя рабочыя працуюць паводле прынцыпу “цяп-ляп – і гатова”».

Дарэчы, чыноўнікі Міністэрства транспарту нават ганарацца тым, што ў Беларусі самы нізкі кошт кіламетра дарогі ў параўнанні з суседзямі. Паводле звестак гэтага ведамства, рэканструкцыя аднаго кіламетра на дарогах першай катэгорыі складаюць два-тры мільёны долараў. У Польшчы, Літве, Латвіі і нават у Расеі – ад 8-мі да 15-ці мільёнаў. Але, як мы ведаем, таннае – не заўсёды якаснае.

Разам з тым значная частка беларускіх дарог, якімі некалі захапляліся госці Беларусі, будавалася і рэканструявалася на грошы заходніх фондаў. Напрыклад, у перыяд з 2008-га года Беларусь атрымала праз еўрапейскія механізмы ды Сусветны банк больш за 5 мільярдаў еўраў пазык і бязвыплатнай дапамогі на рамонт і будаўніцтва дарог. За апошнія гады, з відавочных прычынаў, такая падтрымка амаль цалкам прыпынілася. Паўстае пытанне: ці знойдуцца ў бюджэце Беларусі грошы, каб завяршыць тыя праекты, якія пачыналі рабіць, разлічваючы на міжнародную дапамогу?

«На фінансаванне дарог у Беларусі праз дзяржаўны дарожны фонд і непасрэдна праз мясцовыя бюджэты запланавана скіраваць 2,5 мільярда рублёў. Рэжым Лукашэнкі кантралюе друкарскі станок. Таму надрукаваць яшчэ столькі ж і прафінансаваць дарожнае будаўніцтва ён зможа», – кажа навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Таксама Алег Мазоль не выключае, што Аляксандр Лукашэнка зможа замяніць заходнія крэдыты кітайскімі. А пакуль улады чакаюць грошы, дарожнікі кладуць асфальт проста ў ваду.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»