Працягваецца візіт Святланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты


Сёння ў графіку абранай прэзідэнткі Беларусі – сустрэча са студэнтамі і кіраўніцтвам Гарвардскага ўніверсітэту. Гаворка ідзе пра новыя навучальныя магчымасці для беларускіх студэнтаў. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская сёння бярэ ўдзел у цырымоніі ўзняцця нацыянальнага сцяга Беларусі каля ратушы Бостану – з нагоды Дня Волі. Якую ролю гэты візіт у ЗША можа адыграць у развіцці беларускай дэмакратыі? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Публічныя выступы, сустрэчы з прадстаўнікамі амерыканскага істэблішменту і са студэнтамі Гарварду – так выглядае візіт Святланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты. Абраная прэзідэнтка Беларусі выступае з выразным пасылам: беларускі дэмакратычны рух мае патрэбу ў шырокім міжнародным падтрыманні.

«Нарэшце мы чакаем, што Кангрэс Злучаных Штатаў і прэзідэнт Байдэн стануць чэмпіёнамі ў глабальнай барацьбе супраць тыраніі. Мы бачым ролю Злучаных Штатаў у абароне незалежнасці Беларусі і Украіны і ў пабудове адзінства дэмакратычных дзяржаваў вакол гэтай справы. Для нас важна мець скаардынаваную стратэгію паміж ЕС, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Шэраг палітычных заяваў Святлана Ціханоўская зрабіла і напярэдадні сённяшняй сустрэчы ў Гарвардзе – у інтэрв’ю ўніверсітэцкаму выданню.

«Народы Беларусі і Украіны маюць супольнага ворага. Расея хоча вярнуць нашыя краіны ў сваю сферу ўплыву. Мы заўсёды адчувалі сябе еўрапейцамі і мы не хочам быць звязанымі з Расеяй. Цяперашняя Расея – гэта сінонім вайны і галечы, а Еўропа азначае дэмакратыю і мір, якіх мы хочам для нашай краіны. Мы хочам зламаць успрыманне Беларусі як часткі Расеі або постсавецкай краіны», – кажа Святлана Ціханоўская ў інтэрвʼю «The Harvard Gazette».

Словы рэзка кантрастуюць з пазіцыяй Ціханоўскай датычна Расеі ў 2020-м годзе. Тады абраная прэзідэнтка відавочна пазбягала вострых рэплік у бок Масквы.

«Святлана Ціханоўская трывае падвойны ціск. У першую чаргу, трэба знаходзіць паразуменне з Захадам. Адказаць на запыт, які ёсць у Вашынгтоне і Бруселі. А з іншага боку – ідзе ціск з боку апазіцыйна настроеных беларусаў, якія хочуць, каб Украіну падтрымлівалі больш рашуча», – кажа даследнік Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з шэрагам прадстаўнікоў амерыканскіх палітычных элітаў. Сярод іх – намесніца дзяржсакратара Уэндзі Шэрмэн. З ёй абмяркоўвалася магчымасць стратэгічнага дыялогу амерыканскага боку з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Размова са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кевінам МакКарці – таксама важная падзея.

«Спікер Палаты прадстаўнікоў – у яго ёсць вага. Ён будзе збіраць галасы, калі будуць прымацца нейкія законы. Напрыклад, акт аб дэмакратычнай Беларусі. Калі ён будзе прымацца – гэта будзе рабіць Кангрэс», – кажа Рыгор Ніжнікаў.

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі вызначае амерыканскае падтрыманне беларускіх праваабаронцаў, няўрадавых арганізацыяў, палітзняволеных і незалежных медыяў. Падчас сустрэчы Ціханоўскай і МакКарці акурат ішла гаворка пра магчымасць абнавіць тэкст дакументу. Важны і сам факт, што Беларусь застаецца на сусветным парадку дня, адзначае Рыгор Ніжнікаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»