«Не выключана, што якраз мэтай улады і было запусціць дэзынфармацыю пра магчымыя выбухі»


Улады рыхтуюць тэракт 25-га сакавіка, каб увесці надзвычайнае становішча. З такою заявай у тэлеграм-канале выступіла ініцыятыва беларускіх сілавікоў «ByPol», спасылаючыся на свае вартыя даверу крыніцы.

«25 сакавіка ў межах плану для дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэту дзяржаўнай бяспекі рыхтуецца здзяйсненне тэрарыстычнага акту ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў. Верагоднасць такога сцэнара, акрамя атрыманай намі інфармацыі, пацвярджаецца логікай апошніх крокаў рэжыму».

Да такіх крокаў «ByPol» залічвае прыцягненне войска да аховы грамадскага парадку 25-га сакавіка і заяву Лукашэнкі пра гатовасць весці вайну ўнутры краіны.

«Нам, людзям вайсковым, давядзецца абараняць сваю краіну вось адсюль, пачынаючы знутры», – казаў Лукашэнка 11-га сакавіка.

Пра магчымыя правакацыі ды спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне распавядаў 9-га сакавіка Іван Церцель – пасля справаздачы ў Лукашэнкі:

«Дакладзена пра канкрэтных асобаў і планы дэстабілізацыі сітуацыі ў бліжэйшы час, мы кажам пра 25–27 сакавіка. Важным пытаннем з‘яўляецца, тое што КДБ адзначае рост тэрарыстычных пагрозаў».

Рэзкую актывізацыю заяваў уладаў пра тэрарыстычныя пагрозы адзначыў у адмысловым відэазвароце Ігар Макар. Былы супрацоўнік спецпадраздзялення «Алмаз» звярнуўся да старшыні КДБ Івана Церцеля:

«Іван Станіслававіч, незалежна ад колькасці людзей на вуліцах 25 сакавіка я прашу вас: не рабіце правакацыяў, якія знішчаць жыцці людзей, і не абвінавачвайце ў злачынных дзеяннях тых, хто не меў да гэтага ніякага дачынення».

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў нагадвае, што папярэджанні пра магчымыя тэракты сталіся нязменным антуражам напярэдадні Дня Волі, а само свята рэдка праходзіла без інфармацыйнай вайны паміж уладамі ды апазіцыяй.

«Мэта адных – запалохаць грамадства, мэта другіх – раскрыць сапраўдную інфармацыю і не даць грамадству паддацца на правакацыю. Але ў такіх выпадках не выключана, што якраз мэтай улады і было запусціць дэзынфармацыю пра магчымыя выбухі, магчымыя тэракты, каб людзі проста забаяліся прыйсці на акцыю»? – лічыць Віталь Цыганкоў.

Пры гэтым палітычны аглядальнік не выключае, што заявы Ігара Макара ды ініцыятывы «ByPol» могуць грунтавацца на аб’ектыўнай інфармацыі, а ўлады насамрэч могуць рыхтаваць правакацыю.

Менчукі пра свае планы на Дзень Волі на камеру распавядаюць невыразна:

«Збіраемся, але незразумела, дзе, калі і з кім».

«Паглядзім, як складуцца абставіны, але падтрымліваю Дзень Волі».

«Планую пасля працы пайсці пагуляць па горадзе».

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які днямі заклікаў 25-га сакавіка пачаць пратэставую вясну, сваёй прапановы не адмяняе.

«Мы прапаноўваем выходзіць на ходнікі, не збірацца ў вялікія калоны і не рабіць маршаў. Гэта дасць нам, зразумела, што ўмоўную, але бяспеку. Гэта вельмі важна браць пад увагу. Але выходзіць варта і трэба», – кажа Павел Латушка.

Таксама і ўдзельнікі «ByPol» заклікаюць да ўважлівасці і асцярожнасці. А сваёй публікацыяй папярэджваюць улады пра тое, што планы магчымай правакацыі вядомыя не толькі беларусам, але і міжнароднай супольнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»