Дзясяткі судоў і прысудаў штодня. Судовы канвеер не спыняецца


Арышты, ператрусы, прафілактычныя гутаркі – улады рыхтуюцца да Дня Волі. Толькі 24 сакавіка выпадкі ціску на актывістаў зафіксаваныя найменей у 12 гарадах Беларусі. Ні на дзень не спыняецца і судовы канвеер.

Два гады «хатняй хіміі» за дзве поўхі прапагандысту СТВ Грыгорыю Азаронку. Такі вырак вядомай перакладчыцы Вользе Калацкай вынесла суддзя Фрунзенскага раёну Менску Ала Скуратовіч. Вольгу Калацкую вызвалілі ў зале суда.

«Я зразумела, колькі ў нас цудоўных, абсалютна цудоўных людзей. Я зразумела, што такое салідарнасць. Людзі, я вас вельмі-вельмі люблю. З такімі людзьмі ў нас усё будзе файна і будзе такая краіна, пра якую мы марым», – не хавае эмоцыяў Вольга Калацкая.

Там жа, у судзе Фрунзенскага раёну, агучылі прысуд дызайнеру Дзмітрыю Кубараву, якога вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. На судзе Дзмітрый, які ўжо больш за 7 месяцаў застаецца за кратамі, сваёй віны не прызнаў і заявіў пра катаванні. Сумна вядомая жорсткімі патрабаваннямі памочніца пракурора Аліна Касьянчык запрасіла для яго сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч патрабаванне абвінавачання задаволіў цалкам…

«Чалавек з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй, якому баліць за ягоную краіну. І ён нават гатовы аддаць частку свайго жыцця, правесці яе ў такіх умовах, з такім стаўленнем, для таго, каб тут было ўсё добра. Ён вельмі верыць у тое, што людзі не спыняцца. Пісаў у лісце, што цікава, якія настроі ў людзей, бо там няма інфармацыі. Вельмі спадзяецца на беларусаў», – кажа Кацярына, сяброўка Дзмітрыя.

У судзе Нясвіскага раёну 65-гадовую пенсіянерку Святлану Панамарову асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу амапаўца ў сацыяльнай сетцы. Таксама суддзя Вольга Купец пастанавіла спагнаць з жанчыны 1500рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Не спыняецца і судовы пераслед незалежных журналістаў. Нашую калегу з Віцебску Алену Шабуню сёння пакаралі штрафам 30 базавых велічыняў, або 870 рублёў, прызнаўшы вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Нагодаю стаў сюжэт аб закрыцці трэнажорнае залы ў Паставах.

«Па максімуме, бо не першы ж раз ужо. Яны думаюць тым самым запужаюць журналістаў, спыніць іх, прымусіць журналістаў маўчаць. Але яны не разумеюць, што ёсць рэчы большыя за грошы: ёсць сумленне, ёсць стаўленне да людзей, да той краіны, у якой ты жывеш», – кажа Алена Шабуня.

На дзень 24 сакавіка палітычнымі зняволенымі прызнаныя ў Беларусі 299 чалавек. Сёння да гэтага спісу беларускія праваабаронцы далучылі журналіста Дзяніса Івашына.

Алесь Баразенка, «Белсат»