Два гады поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну


У Кіеве – высокапастаўленыя госці. Прэм’ер-міністры Італіі, Канады, Бельгіі, а таксама кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Візіт прымеркаваны да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Два гады. Як за гэты час змянілася Украіна і як вайна паўплывала на Беларусь?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Два гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Днямі Украіна вывела войскі з Аўдзееўкі, за якую змагалася паўтара года. Прайграная бітва, але не вайна. Цяпер Украіна стрымлівае ворага на Купянскім, Аўдзееўскім і Марʼінскім кірунках.

«У нас цяпер галоўная задача – гэта зберагчы войска. І пастарацца не страціць вялікай тэрыторыі ў ходзе абарончай аперацыі. Гэта значыць, мы сыходзім у глухую абарону», – кажа вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Да няўдачаў на фронце спрычыніўся дэфіцыт узбраенняў. Ён выкліканы перабоямі паставак ад заходніх хаўруснікаў. Пра гэта падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. На мінулым тыдні Сенат ЗША ўхваліў дапамогу Украіне на суму шэсцьдзесят мільярдаў долараў. Але галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў пакуль не адбылося.

«Сёння мы ваюем цалкам з колаў. У нас прамыя пастаўкі ад нашых краін-партнёраў адразу на лінію фронту. І таму любая сітуацыя на фронце залежыць ад гэтых паставак», – дадае вайсковы эксперт.

Як два гады поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны паўплывалі на Беларусь? Бадай найбольш заўважная змена – мілітарызацыя краіны. Паводле журналісткі і даследніцы Ганны Любаковай, нягледзячы на тое, што Лукашэнка дасюль спрабуе падтрымліваць імідж міратворца, менавіта ён зрабіў Беларусь суагрэсарам у вайне Расеі.

клуб Рысь
Выхаванцы вайскова-патрыятычнага клуба «Рысь». Менск, Беларусь.
Фота: sb.by

«У будучыні будзе ісці гаворка пра рэпарацыі, альбо іншыя наступствы – мы не ведаем, як будуць выглядаць дамоўленасці з Украінай», – мяркуе журналістка, супрацоўніца аналітычнага цэнтру Atlantic Council Ганна Любакова.

Замежная палітыка Беларусі ажыццяўляецца пад знакам разрыву стасункаў з Захадам і пераарыентацыі на Расею. Прычым не толькі ў палітычнай, але і эканамічнай сферы. Скіраванне гандлю на рынкі гэтак званых дружалюбных краінаў, паводле эканаміста Алега Мазаля, пакуль дапамагае Лукашэнку нівеляваць негатыўны эфект ад заходніх санкцыяў. Аднак як доўга такая схема застанецца эфектыўнаю?

«У доўгатэрміновай перспектыве рост беларускай прамысловасці істотна абмежаваны экспансіяй на расейскі рынак кітайскімі кампаніямі, якія маюць канкурэнтныя перавагі перад беларускімі і расейскімі кампаніямі. На мой погляд, можна чакаць запавольвання росту прамысловай вытворчасці Беларусі ўжо ў 2025 годзе», – мяркуе навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.

З другога боку, беларускія прадпрыемствы атрымалі замовы расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Гэтак, вайсковую тэхніку і ракетныя комплексы вырабляюць на менскім заводзе «Мінатор-Сэрвіс», боепрыпасы – на заводзе электрамеханікі. Нядаўна гэтыя ды іншыя прадпрыемствы ўвайшлі ў санкцыйныя спісы заходніх краінаў.

«Увесь беларускі ваенна-прамысловы комплекс знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Наступствы для беларускіх прадпрыемстваў могуць зʼявіцца ў гэтым выпадку ўзмацнення жорсткасці кантролю за выкананнем санкцыяў з боку заходніх краін. У доўгатэрміновых наступствах можна вылучыць рызыкі паглынання беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам», – кажа навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БМЗ_life / Telegram

Негатыўна ўплывае на эканоміку краіны і масавая міграцыя беларусаў, другая хваля якой назіралася менавіта пасля 24-га лютага 2022-га года. Паводле розных ацэнак, з Беларусі выехалі ад 150-ці тысячаў да паўмільёна чалавек. Паспрыяла вайна і расколу беларускага грамадства.

«У Беларусі хапае людзей, якія падтрымліваюць вайну. У тым ліку – за кошт дзяржаўных і расейскіх медыяў. Але шмат і тых, хто гэтую вайну не падтрымліваюць. Ці таму што яны знаходзіцца пад уплывам заходніх ці недзяржаўных СМІ, ці маюць сваякоў ва Украіне», – адзначае палітолаг Андрэй Казакевіч.

Пры гэтым за адкрытае падтрыманне Украіны ў Беларусі пагражае крымінальная адказнасць. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 1671 асобу затрымалі за антываенную пазіцыю. Прынамсі 94 асобы былі кінутыя ў вязніцы на тэрмін ад аднаго да 23-х гадоў.

Наста Печанькова, «Белсат»