«Нават нязначныя затрымкі ў лагістыцы дапамагалі нашым вайскоўцам перадыхнуць, перагрупавацца»


Украінскі сцяг у Менску. Салідарныя беларусы працягваюць рабіць унёсак у супраціўленне агрэсару, з рызыкаю для свабоды і жыцця.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», прынамсі тысяча пяцьсот семдзесят пяць беларусаў былі затрыманыя за праяву антываеннай пазіцыі. Мінімум пяцьдзясят шэсць асобаў былі асуджаныя паводле крымінальных справаў. Трыццаць адна з іх – за перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі ў СМІ. Яшчэ адзінаццаць чалавек цяпер у турмах, бо, паводле версіі рэжыму Лукашэнкі, хацелі ваяваць за Украіну.

У першыя месяцы расейскага ўварвання годна заявілі пра сябе рэйкавыя партызаны. Каб затрымаць перамяшчэнне расейскай тэхнікі на беларускай чыгунцы, яны ўчынілі не менш як дванаццаць дыверсіяў. На сёння вядомыя адзінаццаць арыштаваных рэйкавых партызанаў. Прысуды: ад адзінаццаці гадоў турмы для Сяргея Глебкі і Аляксея Шышкаўца да дваццаці трох гадоў для Дзяніса Дзікуна. Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі калені. Паводле ўкраінскага вайсковага эксперта Івана Ступака:

«Нават нязначныя затрымкі ў лагістыцы дапамагалі нашым вайскоўцам перадыхнуць, перагрупавацца. Калі б яны ішлі бесперабойна, як канвеер, то хутчэй за ўсё нас бы перадушылі б».

Нашыя суайчыннікі актыўныя і за межамі краіны. Беларуска Вераніка жыве ва Украіне больш чым дваццаць гадоў. Дваццаць чацвёртага лютага летась яна прачнулася ўначы ад выбуха:

«Усведамленне, што мая краіна, Беларусь, бярэ непасрэдны ўдзел у гэтай вайне і дала сваю тэрыторыю. З пункту гледжання ўсіх украінцаў гэта – вораг, і я фармальна да гэтай краіны маю непасрэднае дачыненне. Гэта было вельмі цяжка, я ўсё яшчэ дасюль намагаюся гэта ўсвядоміць».

Выратаваннем для жанчыны стала валанцёрства. Вераніка працуе ў гуманітарным штабе, што дапамагае ўцекачам з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны – адзеннем, юрыдычнымі кансультацыямі, медычнай дапамогай, ладзіць заняткі для дзяцей. Іншыя беларусы таксама прымаюць украінскіх уцекачоў, дапамагаюць перасяленцам ва Украіне і ва ўсім свеце.

А яшчэ беларусы супрацьстаяць расейскай агрэсіі непасрэдна на фронце.

Найбольш вядомыя вайсковыя адзінкі: полк Кастуся Каліноўскага. У яго ўваходзяць батальёны «Волат» і «Ліцвін». Батальён «Тэрор» раней быў часткай палка Каліноўскага, цяпер гэта самастойнае падраздзяленне. Полк «Пагоня», жаўнеры якога ваююць у тым ліку ў Другім інтэрнацыянальным легіёне, брыгадзе ЗСУ імя Івана Багуна, батальёне «Тэрор» і ў палку Каліноўскага. Хлопцы кажуць пра сваю матывацыю:

«Я не хачу яшчэ раз бегчы ад праблемаў, як атрымалася ў Беларусі. Бо ў Беларусі я не адчуваў магчымасці ўзяць зброю ў рукі, не адчуваў, што там ёсць дастатковая колькасць людзей, якія таксама на гэта здольныя… І таму я вырашыў для сябе асабіста, яшчэ ў 2021 годзе вызначыў для сябе, што я далучуся да гэтай вайны, калі яна пачнецца ў поўнамаштабным фармаце», – кажа беларускі добраахвотнік Яўген Міхасюк.

«Для нас жа вайна не скончыцца перамогай Украіны. Трэба было далучыцца да супольнасці, так скажам. Гэта больш чым войска, гэта цэлы праект па вызваленні Беларусі», – распавядае баец палку Кастуся Каліноўскага Вячаслаў.

«Наш галоўны вораг, як Беларусі, так і Украіны, – расейскі імперыялізм. Які цяпер падпарадкаваў сабе Беларусь і спрабуе знішчыць Украіну. І мы разумеем, што калі будзе знішчаная Украіна, то Беларусі будзе вельмі цяжка. Таму мы вырашылі далучыцца да змагання ўкраінцаў з расейскай навалаю», – кажа баец палку Кастуся Каліноўскага Алег Аўчыннікаў.

Да таго ж, на фронце адбываюцца альтэрнатыўныя працэсы, што могуць паўплываць на лёс Беларусі, упэўнены беларускі добраахвотнік Яўген Міхасюк:

«Вельмі важна для вайны гэтай, для вызвалення Беларусі, гэта тое, што тут ствараюцца паміж людзьмі сувязі. Умоўна кажучы, калі ў 2020 годзе мы не маглі казаць пра нейкую групу ў 100-200 чалавек, якія б маглі ўзяць зброю ў рукі і зрабіць штосьці радыкальнае для вызвалення Беларусі, то сёння такія групоўкі, кам’юніці зрабіць намнога прасцей».

Вайна працягваецца. Сапраўдны маштаб беларускага антываеннага супраціву, яго ўплыў на лёс Украіны яшчэ толькі падлягае вывучэнню і асэнсаванню.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»