Генасамблея ААН падтрымала ўкраінскую Формулу міру


Сто сорак адзін голас супраць сямі. Да гадавіны расейскага ўварвання Генеральная асамблея ААН пераважнай большасцю галасоў прыняла прапанаваную Украінаю рэзалюцыю, заклікала да « усебаковага, справядлівага і трывалага міру» і зноў запатрабавала ад Расеі вывесці войскі і спыніць баявыя дзеянні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы задаволеныя вынікамі, і сігнал ясны. Усё роўна, што і як спрабуе зрабіць Расея, каб падарваць міжнародны парадак і кааліцыю на падтрыманне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Яна зазнае няўдачу раз за разам. Кааліцыя існуе і будзе існаваць да таго часу, пакуль гэта будзе неабходна, каб Украіна атрымала перамогу ў сваім імкненні абараніць сябе», – заявіў міністр замежных справаў Украіны ДмытроКулэба.

Гэты дакумент замацоўвае ключавыя палажэнні Формулы міру прэзідэнта Зяленскага, сярод якіх – ядравая бяспека, забеспячэнне сістэмамі супрацьпаветранай абароны, вызваленне ўсіх палонных, гарантыі бяспекі для Украіны, вяртанне да ўкраінскіх межаў 1991 года, разам з Крымам і Данбасам, ды іншыя пункты.

«Гэтая дыпламатычная падтрымка Украіне паказвае, што большасць свету на баку Украіны, і толькі некалькі краін усё ж такі падтрымліваюць Расею», – сказаў чалец фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Сёння Кітай апублікаваў свой план для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, што складаецца з дванаццаці пунктаў. У ім – заклік паважаць суверэнітэт усіх краінаў, спыніць баявыя дзеянні і аднавіць перамовы, а таксама адмовіцца ад аднабаковых санкцыяў, якія, маўляў, не залагоджваюць цяперашніх праблемаў, а ствараюць новыя.

У кампанію да Расеі, Сірыі, Паўночнай Карэі, Эрытрэі, Нікарагуа і Малі, што не падтрымалі рэзалюцыі, трапіла і Беларусь.

«З 2014 года ўсе рэзалюцыі, якія ішлі па Украіне, Беларусь заўсёды галасавала супраць. Заўсёды Беларусь адстойвала расейскую пазіцыю. Тут мы бачым, што беларуская дэлегацыя ідзе крок за крокам за Расеяй». – дадаў Рыгор Ніжнікаў.

На адрозненне ад прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі ў ААН Андрэя Савіных, які прагаласаваў супраць, Аб’яднаны пераходны кабінет далучыўся да рэзалюцыі ды заклікаў усе краіны даць Украіне ўсю неабходную дапамогу.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»