«Будзе дэфіцыту пэўных таварных пазіцыяў». Цэнавыя абмежаванні на тавары і лекі


Макароны, цукар, соль, крупы ды яшчэ некалькі дзясяткаў прадметаў першай неабходнасці, якія ёсць у кожным доме. Кошты на гэта ўсё цяпер амаль што замарожаныя. Выдатная навіна, на першы позірк. Але ці так гэта насамрэч?

Міністэрства абмежавала кошты як на айчынныя харчы, гэтак і на замежныя. Аднак цэнаўтварэнне імпартаваных тавараў моцна залежыць ад курсу долара.

«Варыянтаў мноства. Дэфіцыту пэўных таварных пазіцыяў я не выключаю, гэта, хутчэй за ўсё, тычыцца імпартных тавараў, і калі ваганні абменнага курсу будуць істотныя, большасць прыватных пастаўшчыкоў, я думаю, будуць адмаўляцца ад таго, каб рабіць такія пастаўкі», – кажа Дзмітрый Крук, з Цэнтру эканамічных даследаванняў Beroc.

Акрамя харчоў забаронена падвышаць кошты і на 50 тыпаў лекаў. Тут абмежаванні закранаюць выключна айчынных вытворцаў. На практыцы гэта азначае, што калі беларускі рубель аслабне, то айчынныя медыкаменты будуць мець значную цэнавую перавагу перад замежнымі. Такімі захадамі міністэрства намагаецца гарантаваць грамадзянам справядлівыя цэны. І, як мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў, уведзеныя яны, каб стрымаць інфляцыю. Бо летась рост рэальных заробкаў апярэджваў рост валавога ўнутранага прадукту.

«Грошай у насельніцтва аказалася больш, чым эканоміка магла прапанаваць тавараў на гэтыя грошы. Бо, зразумела, усё мусіць сысціся: калі грошай шмат, тавараў мала – вырастуць кошты», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Летась у снежні інфляцыя склала амаль сем з паловаю адсоткаў. Нацбанк жа разлічваў не перакрочыць пяці адсоткаў. Высокія і інфляцыйныя чаканні спажыўцоў, дый рост цэнаў беларусы ўжо паспелі адчуць:

«Канечне, адчула, б’е па гаманцы. Няшмат, але ёсць».

«Не вельмі крытычна, але калі такая тэндэнцыя будзе, то будзе ўсё вельмі сумна».

«Паліва даражэе два разы на тыдзень, што ж тут не адчуць. Заходзячы ў краму, усё гэта відаць».

Кошты абмяжоўвалі і летась. Тады пастаўляльнікам і вытворцам забаранілі павялічваць цэны больш як на паўадсотка. Напрыканцы 2014 года ўводзіўся падобны мараторый. Але праз некалькі месяцаў, пасля зняцця абмежаванняў, кошты імкліва папаўзлі ўверх. На 10–15 адсоткаў на большасць крытычных пазіцыяў.

Наста Кахановіч, «Белсат»