Чым небяспечная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна?


Афіцыйны Менск маўчыць, а паводле не менш афіцыйнага Крамля Пуцін і Лукашэнка ў Сочы дамовіліся перадусім актывізаваць супрацу на лініі сілавікоў, а таксама падатковых службаў дзвюх краінаў.

«Я думаю, што гэта стандартнае клішэ наконт супрацы, каб паскорыць тэмпы эканамічнага развіцця і тэмпы росту. Гэта проста трэба было сказаць дзеля добрага слоўца», – кажа Яраслаў Раманчук.

Эканаміст адзначае, што і беларуская і расейская эканоміка апошнія дзесяць гадоў паказвалі мінімальныя тэмпы росту, менш за 1 адсотак валавога ўнутранага прадукту. Але паміж сабою яны несумяшчальныя, як не сумяшчальныя і падатковыя сістэмы, пра аб’яднанне якіх ідзе гаворка ўжо не першы год.

«Калі Расея можа мець даходы з падаткаабкладання рэсурсаў, нафты, газу, то ў Беларусі такой крыніцы няма. Таму і тут не здолеюць дамовіцца краіны», – кажа Яраслаў Раманчук.

Спроба абʼяднаць эканомікі можа разваліць іх канчаткова, лічыць эканаміст.

Палітолаг Валерыя Касцюгова адзначае, што найбольшая небяспека сустрэчы двух кіраўнікоў ляжыць у вайсковай сферы, бо пагрозамі, што армія NATO стаіць пры беларускіх межах, Лукашэнка фактычна кліча расейскіх вайскоўцаў у Беларусь.

«Бо ў нас з Расеяй вайсковы саюз, і Расея абавязаная дапамагаць нам абараняць межы. Я думаю, што ён гэта робіць у жаданні атрымаць расейскую фінансавую і палітычную падтрымку, і яму падаецца, што гэта пустыя словы, але гэта не так», – кажа Валерыя Касцюгова.

Пагадненні ж паміж сілавымі ведамствамі пераважна падпісваюцца дзеля абмену інфармацыяй.

«Паколькі абедзве краіны рэпрэсіўныя, пабудаваныя на рэпрэсіўных практыках, то гэта можа ўскладніць жыццё грамадзянам і Беларусі і Расеі ў сэнсе пераследу за іншадумства, узмацніць помсту з боку дзяржавы тым, хто патрабуе выканання сваіх правоў», – адзначае Валерыя Касцюгова.

Сілавікі, што займаліся б задушэннем пратэстаў, на думку палітолага, могуць спатрэбіцца Пуціну ў Расеі – на выпадак, калі адновяцца расейскія антыўрадавыя пратэсты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»