Шэсць гадоў таму памёр Міхал Анемпадыстаў


«Простыя словы, простыя рэчы: хлеб на стале, полымя ў печы», – гэтыя словы хоць раз у жыцці чуў, напэўна, кожны беларус. Іх аўтар, Міхал Анемпадыстаў, лічыў сябе мастаком, а не паэтам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта чалавек, які бездакорна разумеў беларускую сутнасць і вывучаў яе. У прынцыпе, ён зрабіў толькі ў музыцы, у рок-паэзіі больш, чым шмат хто за жыццё. Але ён яшчэ быў і мастаком, і культуролагам, і даследчыкам, і выдатным плакатыстам», – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Сябра Беларускага саюзу дызайнераў і Беларускага ПЭН-цэнтру, Міхал Анемпадыстаў навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, як мастак працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, плакату, фатаграфіі, удзельнічаў у калектыўных і персанальных выставах за мяжой і ў Беларусі. Да прыходу да ўлады Лукашэнкі меў таксама некалькі бізнесовых праектаў, сярод іншага, займаўся фарбамі.

«Там пачало ў 90-х, пасля прыходу новай улады, усё досыць хутка мяняцца, безумоўна. І, напэўна, актывізавала творчы патэнцыял Міхала, таму што ён, можа быць, сядзеў у офісе сваім непрасторным, мякка кажучы. І, напэўна, там пачаў лавіць нейкія думкі», – кажа музыка Лявон Вольскі.

Вершы Міхала Анемпадыстава сталі песнямі гуртоў «N.R.M.» і «Новае Неба», «IQ-48» і Змітра Вайцюшкевіча. А ў 2013 годзе выйшаў і паэтычны зборнік «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

Міхал Анемпадыстаў. Скрыншот Belsat Music Live

Міхал Анемпадыстаў стаў аўтарам тэкстаў славутага «Народнага альбому», прызнанага альбомам года на «Рок-каранацыі-1997». Ён жа стаў і аўтарам дэкарацыяў да «Народнага Альбому», перазапісанага як відэаканцэрт праз дваццаць гадоў пасля стварэння.

«Там, у прынцыпе, у гэтым “Народным альбоме”, канешне, важныя песні, важныя тэксты Міхала. Але яго можна глядзець на відэа нават толькі дзеля дэкарацыяў, як змяняюцца дэкарацыі з цягам гучання праекту», – падкрэслівае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Супраца з нашым каналам не абмяжоўвалася перазапісам «Народнага альбому». Мастак шмат гадоў рабіў для «Белсату» эскізы прамацыйнай прадукцыі, а таксама графічнае афармленне для шэрагу праграмаў. І да сённяшняга дня сталыя гледачы «Белсату» бачаць вынікі працы Міхала Анемпадыстава, напрыклад, у праграмах «Інтэрмарыюм» і «Беларускі свет».

Немагчыма сабе ўявіць без працаў Міхала Анемпадыстава і беларускую фатаграфію. А кніга «Колер Беларусі», якой ён прысвяціў апошнія гады жыцця, стала і філасофіяй, і шыкоўным альбомам. Але не ўсе свае планы і задумы Міхал Анемпадыстаў здолеў зрэалізаваць.

«Ягонай марай быў марскі альбом, які меўся быць працягам супольных музычных праектаў. Ён таксама ляжыць у шуфлядзе. І вельмі спадзяюся, што калісьці ў нейкім фармаце гэтая праца будзе рэалізаваная», – кажа Сяргей Будкін.

І калі навукоўцамі творчая спадчына Міхала Анемпадыстава яшчэ не асэнсаваная, то песні ягоныя людзі даўно лічаць народнымі, сведчаць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»