Дзяржава пакрывае 74 % кошту інавацыяў «Амкадору»


Рэфінансаваць частку старой пазыкі і даць новую прасіў летась у дзяржавы алігарх Аляксандр Шакуцін – уладальнік холдынгу «Амкадор». Бо калі «НЕ» – канвеер папросту спыніцца. Аб’яднанне былых сілавікоў «BELPOL» перадала нам адпаведны ліст холдынгу ў Міністэрства прамысловасці, а таксама бізнес-план «Амкадору» на гэты год. Чарговы год працы ў мінус. Распавядаем пра бізнес-мадэль знанага ў свеце беларускага брэнду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

650 відаў прадукцыі – ад меліярацыйнай да лесанарыхтоўчай тэхнікі машынаў. Канвеер «Амкадору» працуе дзякуючы сямі тысячам работнікаў і лукашэнкаўскай ласцы, але рэнтабельнасць застаецца ніжэй за нуль. Летась дзяржава рэфінансавала «Амкадору» пазыкі памерам Br 114 млн і дала Br 40 млн крэдыту пасля атрымання ўльтыматуму. Генеральны дырэктар «Амкадору» заявіў Міністэрству прамысловасці:

«Праз касавы разрыў будзе немагчыма выканаць запланаваныя і ўзгодненыя з Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь мэтавыя параметры развіцця “Амкадору” на 2023 год. Гэта можа прывесці да пратэрмінаванай запазычанасці перад банкамі, абцяжарыць выплату заробкаў, што ў выніку можа прывесці да спынення вытворчасці агулам».

Прыватны машынабудаўнічы холдынг Аляксандра Шакуціна трапіў пад санкцыі. Скардзіцца на праблемы з камплектавальнымі і валютаю. Наракае, што альтэрнатыўныя дастаўцы перайшлі не перадаплату. А тэрміны паставак з Турцыі і Кітаю – падоўжыліся. Як бы не было – але не кожны бізнесовец наважыцца пісаць чыноўнікам лісты ў такой форме.

«Падобнага тыпу ўльтыматумы, калі мы іх чулі ў публічнай прасторы, часта сканчаліся тым, што бізнесоўца, так бы мовіць, раскулачвалі. Аляксандр Шакуцін жа, які пад санкцыямі, як гаманец Аляксандра Лукашэнкі, мае магчымасці, валодаючы холдынгам, аддзяляць прыбыткі для сябе і пакідаць страты на субсідаванне дзяржаваю», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Пасля прыватызацыі Шакуціным у 2013-ым годзе «Амкадор» адразу зрабіўся стратным прадпрыемствам. На канец 2021 года доўгатэрміновы доўг складаў каля $ 120 млн. Непакрытыя страты – $ 42 млн. Два гады таму праз указ Лукашэнкі «Аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацыяў» Шакуцін атрымаў каля $ 50 млн крэдыту – пад усяго 4 % гадавых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «АМКАДОР» удзельнічае ў парадзе 9 верасня.
Фота: БелТА

У атрыманым ад «BELPOL» бізнес-плане холдынгу на гэты год мы падлічылі, што група кампаніяў «Амкадор» сёлета ўкладае толькі 22 % уласных сродкаў у інавацыйныя праекты. 74 % дае дзяржава праз інвестыцыйныя фонды, і 4 % – банкі.

«Гэта да пары да часу. Некалі такім чалавекам быў Юрый Чыж. Аднак мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася. Рэжым жа называе “Амкадор” слупам эканамічнай бяспекі, перадавым прадпрыемствам. Калі разбурыцца яно, то што можна казаць пра эканоміку ці машынабудаванне ў цэлым?», – задаецца пытаннем прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Галоўны канвеер – у крытычным стане. Не стае вытворчых магутнасцяў. А імпартазамяшчэнне прыносіць «Амкадору» страты – выразна напісана ў бізнес-плане. На публіку ж – зусім іншыя акцэнты.

Праца Беларускага расследавальніцкага цэнтру напярэдадні паказала, як, не гледзячы на санкцыі, у амкадораўскую тэхніку трапляюць заходнія дэталі. У бліжэйшую нядзелю, 28-га студзеня, «BELPOL» раскрые яшчэ некалькі сакрэтаў «Амкадору».

«Чаму Шакуцін выгадны Лукашэнку? Па-першае, у звязку з абыходам санкцыяў. Трошку падсвятлю: гэта яшчэ звязана з так званай (як вынікае з ліста Шакуціна да Лукашэнкі) абароназдольнасці краіны», – анансуе Уладзімір Жыгар.

А гэта ўжо сфера, якая моцна трымае трэнд. Аляксандр Лукашэнка слухае і хоча верыць у словы Шакуціна гадавой даўніны:

«Нашыя ўсё могуць зрабіць, Аляксандр Рыгоравіч».

Юлія Цяльпук, «Белсат»