Па веды студэнтаў адпраўляюць у «прыязныя» краіны


Спасцігаць IT у Манголіі ці Сірыі прапаноўваюць студэнтам БДУІР. Хто атрымае шчаслівы квіток, будзе вядома пасля завяршэння конкурсу, які абвесціла кіраўніцтва ўніверсітэту. Пра гэта паведаміла праўладнае выданне «Беларусь сегодня». Геаграфія ўражвае – Туркменістан, Таджыкістан, Манголія, В’етнам, Сірыя, Егіпет. Крытэрыі адбору прэтэндэнтаў сурʼёзныя: высокія паказнікі ў навучанні, адсутнасць запазычанасцяў і дысцыплінарных спагнанняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі б гэта былі не “айцішнікі”, а, напрыклад, студэнты, якія вывучаюць усходнія мовы, чаму б не паехаць у Таджыкістан і не вывучыць фарсі? Гэта было б цалкам зразумела. Але іншыя спецыяльнасці, і асабліва звязаныя з тэхнічнымі навукамі, – тут я сэнсу ніякага не бачу», – выказаў меркаванне эксперт Грамадскага Балонскага камітэту Павел Церашковіч.

Летась Беларусь прыпыніла чалецтва ў Балонскім працэсе, якое мела з 2015 года. Прычына – падтрыманне рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі ва Украіне.

«Шмат у чым гэта нават адыграла станоўчую ролю, бо нашая сістэма выбудаваная пад патрэбы нашай эканомікі. Калі казаць пра акадэмічную мабільнасць, тут ніякіх праблемаў няма. Сёння ўсе прыязныя краіны, з якімі мы развіваем нашае ўзаемадзеянне, цалкам адкрытыя. Гэта краіны блізкага замежжа, у першую чаргу гэта краіны СНД, а таксама краіны далёкага замежжа – Кітай, Індыя і шмат якія іншыя», – казаў летась міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Пазітыўны настрой чыноўнікаў з гэтай нагоды наўрад ці падзяляюць студэнты. Еўрапейская праграма «Эразмус», якая прадугледжвала абмен студэнтамі і выкладчыкамі, таксама прыпыніла дзеянне для Беларусі.

«Але і раней, калі яна дзейнічала, нельга казаць, што кожны ахвотны студэнт мог паехаць за мяжу павучыцца. Гэта было дастаткова складана. І магчымасцяў, а яны звязаныя з універсітэтамі-партнёрамі, на самой справе было не вельмі шмат. А цяпер, па сутнасці, іх увогуле няма», – дадаў Павел Церашковіч.

Змены адбываюцца і ў сістэме сярэдняй адукацыі. Колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, штогод скарачаецца. Паводле Белстату, калі ў 2016 годзе іх было амаль 130 тысячаў, то ў 2020-м – ужо прыкладна 108 тысячаў. То бок беларускамоўныя вучні складаюць 10% ад усіх.

«Калі мы прадугледжваем магчымасць выбару, павінна быць адпаведная падтрымка праграм навучання, метадалогіі, якая робіць гэты прадукт на беларускай мове больш прывабным для бацькоў. І гэта павінна адпавядаць інтарэсам дзяржаўнай палітыкі», – адзначыў кіраўнік кансультацыйнага пункту пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягор Сурскі.

Інтарэс да навучання дзяцей на роднай мове апошні час расце ў беларусаў, якія жывуць за мяжою. Напрыклад, у Польшчы. У мясцовых школах вучацца 26 тысячаў беларускіх дзяцей, паводле Абʼяднанага пераходнага кабінету. Цяпер вырашаецца пытанне адкрыцця беларускай школы ў Варшаве.

«На маю думку, трэба разлічваць толькі на доўгатэрміновую перспектыву. І гэты праект паўнавартаснай школы, які павінен быць інтэграваны ў нацыянальную сістэму адукацыі Польшчы. Гэта доўгі шлях», – лічыць Ягор Сурскі.

Паводле Ягора Сурскага, далучэнне да беларускамоўных адукацыйных ініцыятываў важнае менавіта праз неабходнасць сацыялізацыі. Бо для моладзі ў сваім коле, блізкім асяродку, падкрэслівае эксперт, гэта адбываецца нашмат прасцей.

Ірына Юрʼева, «Белсат»