Суд над Аляксандрам Васілевічам зрабілі закрытым


Суд у справе палітвязня Аляксандра Васілевіча будзе закрытым. У судзе Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава пачала разгляд справы сузаснавальніка «kyky.org» і «The Willage Беларусь», а таксама ўладальніка агенцтва «Vondel/Hepta» і былога ўладальніка культурніцкай прасторы «Галерэя «Ў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Cаша Васілевіч – ягоная харызма, ягоны характар, ягоная сіла волі, я ўпэўненая, што дапамогуць яму не журыцца і перажыць гэты страшны кашмар, пра што Саша перыядычна паведамляе ў лістах тым з нас, каму гэтыя лісты ўласна даходзяць», – кажа дырэктарка «kyky.org» і «The Willage Беларусь» Саша Раманава.

Аляксандр Васілевіч застаецца за кратамі 17 месяцаў. Але толькі паўмесяца таму стала вядома, што абвінавачваюць яго ва ўхіленні ад аплаты падаткаў у буйным памеры.

«Рэальнасць такая, што ўхілення не было. Саша вёў бізнес празрыста, адкрыта, ён вядомы прадпрымальнік, вельмі паважаны ў прафесійным асяроддзі. Справы няма, і нават калі меркаваць, што нейкая памылка ў разліку падаткаў адбылася, то гэта не прадмет для крыміналкі дакладна». – кажа паплечнік Аляксандра Васілевіча, суўладальнік «Vondel/Hepta» Сяргей Варажун.

Улады ж працягваюць ціснуць на кожнага, хто нейкім чынам выказвае сваю пазіцыю. Крымінальную справу завялі на палітыка Анатоля Лябедзьку, які цяпер за межамі Беларусі.

«Маю жонку Святлану выклікаюць у РУУС Маскоўскага раёну гораду Менску. У якасці сведкі ў крымінальнай справе, распачатай супраць мяне. Запытаеце, які артыкул – не ведаю», – кажа Анатоль Лябедзька.

Генеральная пракуратура фігурантаў такіх справаў лічыць пагрозаю дзяржаўнаму ладу.

«Летась завершанае расследаванне, накіраваная ў суд асноўная маса крымінальных справаў аб злачынствах, учыненых у 2020 годзе асобамі, якія спрабавалі ўчыніць дзяржаўны пераварот. Агулам судамі разгледжана больш за 1200 крымінальных справаў, у якіх асуджана больш за 1600 чалавек», – кажа генеральны пракурор Беларусі.

Праваабаронцы нагадваюць, што амаль тысяча з гэтых людзей прызнаная палітвязнямі. А разам з тымі, хто паспеў адбыць пакаранне, лічба значна большая.

«Для нас гэта толькі сведчанне рэпрэсіўнай палітыкі цяперашніх уладаў у дачыненні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і тых людзей, што выказалі сваё меркаванне наконт сітуацыі», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

Сярод разгледжаных судамі крымінальных справаў не было ніводнай, у якой вялося б пра незаконныя дзеянні сілавікоў. Адзіную распачатую справу – па факце гібелі Рамана Бандарэнкі – прыпынілі, а іншых не распачалі.

«У прыватнасці вынесеная пастанова пра адмову распачаць крымінальную справу ў дачыненні пацярпелых ад рэальных фактаў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, якія былі ў ЦІП і ІЧУ ў Менску ў жніўні 2020 года», – падкрэслівае Павел Сапелка.

Ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў з лета 2020 года сталі тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 20 асобаў загінулі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»