F-16 прыбудуць ва Украіну


Знішчальнікі F-16 неўзабаве будуць бараніць неба Украіны. Гаворка прынамсі пра 18 самалётаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нідэрланды рыхтуюцца адправіць ва Украіну першыя знішчальнікі F-16. Ад палітычных рашэнняў пра выдачу самалётаў мы перайшлі да навучання пілотаў ды інжынераў. Цяпер мы рэалізуем тэхнічную частку – уласна пастаўку F-16. Я ўдзячны Нідэрландам і ўсім іншым нашым партнёрам, хто гэта падтрымаў», – кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

На меркаванне Інстытуту вывучэння вайны, Украіна атрымае 18 нідэрландскіх F-16 яшчэ да новага года. Арганізацыя таксама сцвярджае, што F-16 Кіеву неўзабаве перададуць Бельгія, Данія і Нарвегія.

Агульная колькасць самалётаў можа скласці 61. Але гэтага можа аказацца недастаткова для здабыцця перавагі ўва ўсім украінскім небе.

«Патрэбныя чатыры брыгады – 160 самалётаў. Па адной брыгадзе на кожны напрамак – Запарожскі, Херсонскі і Данбаскі і адна брыгада для прыкрыцця паветра ўжо ў рэжыме СПА. Але пакуль мы такіх гэтых лічбаў не бачым», – разважае вайсковы аглядальнік, палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Зрэшты, хуткая перспектыва з’яўлення на фронце F-16 ужо выклікала нервовую рэакцыю ў Расеі. Некаторыя Z-паблікі нават паспелі напісаць аб прыбыцці першай эскадрыллі ва Украіну.

«Хачу звярнуць увагу: у Расеі ўжо намякнулі, што будуць атакаваць аэрадромы краінаў NATO, калі адтуль будуць узлятаць або туды будуць сядаць самалёты F-16, – кажа палітолаг Яўген Магда. – Гэта сведчыць, што працэс ідзе, але, напэўна, мы даведаемся толькі тады, калі расяяне захочуць паказаць абломкі ракетаў, якія выкарыстоўваць F-16».

Паводле Рамана Світана, эфектыўнасць дзеяння F-16 на фронце шмат у чым будзе залежаць ад камплектацыі, у якой яны прыбудуць ва Украіну. Зрэшты, ЗСУ маюць тэхнічныя магчымасці мадэрнізаваць самалёты. Ёсць і іншыя опцыі палепшыць іх эфектыўнасць.

«Самалёт – гэта платформа па запуску ракет, – мяркуе Світан. – Яму патрэбная інфармацыя. А вось інфармацыю дае наземны комплекс – гэта Patriot, які разам з F-16 уключаны ў агульную сістэму Link-16. У нас ёсць запыты да нашых партнёраў. Калі яны пацвердзяць іх, то мы зможам выкарыстоўваць інфармацыю ад сістэмы AWACS – натаўскіх самалётаў-лакатараў далёкага выяўлення».

Між тым сітуацыя з пастаўкамі на фронт іншай вайсковай тэхнікі застаецца няпэўнаю. Кангрэс ЗША пайшоў на вакацыі і пакуль не зацвердзіў пакету дапамогі Украіне на 61 мільярд долараў.

Знішчальнік F-16 на вайсковай базе ў Нідэрландах падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. 20 жніўня 2023 года.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны / Media Center Ukraine

Цяпер, згодна з выданнем «The New York Times», Вашынгтон спрабуе дамовіцца з іншымі краінамі, каб яны скіравалі замарожаныя раней грошы расейскага Цэнтрабанку на дапамогу Украіне. Гаворка пра 260 мільярдаў еўраў. Прычым большая частка з іх заблакаваная менавіта ў Еўразвязе.

«Адносна канфіскацыі расейскіх актываў у мяне ёсць пэўны сумнеў. Бо гэта чуллівы момант, ён будзе для Захаду няпростым. Яму будуць папярэднічаць прынамсі палітычныя кансультацыі, і лідары Еўразвязу (бо будуць выбары да Еўрапарламенту), лідары Вялікай Брытаніі (бо будуць выбары парламенцкія, якія, відавочна на сёння, кансерватары могуць прайграць), нарэшце лідары ЗША будуць узважваць за і супраць – ці варта так рабіць», – кажа Магда.

У пятніцу ЗСУ адсправаздачыліся пра збіццё адразу трох расейскіх знішчальнікаў Су-34. Раман Світан лічыць гэта вынікам удалых дзеянняў зенітна-ракетных комплексаў. Зрэшты, ён не выключае, што першыя баявыя вылеты здзейснілі F-16.

Ян Федаровіч, «Белсат»