Дзень жалобы ў Чэхіі


У Чэхіі сёння ўшаноўваюць памяць ахвяраў страляніны ў Карлавым універсітэце. Па ўсёй краіне на дзяржаўных будынках спушчаныя дзяржаўныя сцягі, адмененыя канцэртавыя праграмы на калядных кірмашах і адлучаная ілюмінацыя на галоўнай пражскай ялінцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каля будынку філасофскага факультэту Карлавага ўніверсітэту ў Празе сотні кветак і свечак. Гэта стыхійны мемарыял на знак памяці ахвяраў страляніны, што адбылася тут у чацвер, 21-га снежня. 14 загінулых. Яшчэ 25 асобаў параненыя.

«Тое, што мы перажылі і што яшчэ перажываем, – гэта велізарны жах. І гэта непараўнальна з тым, што перажывалі ахвяры ў момант нападу, і тое, што перажываюць сёння іхныя блізкія ці тыя, хто пацярпеў. І я думаю, адзіны спосаб дапамагчы ім цяпер – гэта паказаць падтрыманне ўсімі магчымымі спосабамі, і таму мы ўсе спрабуем гэта зрабіць», – заявіў старшыня Сенату Чэхіі Мілаш Выстрчыл.

Апоўдні ў Чэхіі прайшла хвіліна маўчання, а ў дзясятках месцаў краіны загучалі званы.

У паліцыі Чэхіі паведамілі, што страляніну ўчыніў студэнт Карлавага ўніверсітэту, які меў ліцэнзію на зброю. Мясцовыя медыі называюць імаверную асобу: нападнікам мог быць 24-гадовы Давід Козак. Перад інцыдэнтам ва ўніверсітэце, паводле паліцыі, падазраваны застрэліў свайго бацьку. Пранесці зброю ў будынак стральцу было нескладана, бо на ўваходзе з аховы былі толькі два вахцёры, кажуць студэнты.

«Справа ў тым, што зараз Каляды і шмат хто проста са студэнтаў ад’яжджае. Пра гэта казала і рэктарка ўніверсітэту. А ён жа быў студэнтам, немагчыма пракантраляваць. Чалавек прыйшоў з валізай. Але ніхто яе не будзе правяраць», – патлумачыў дактарант філасофскага факультэту Карлавага ўніверсітэту Аляксандр Паршанкоў.

Паводле Паршанкова, гэтымі днямі на факультэце было шматлюдна, час перад сесіяй. Відавочцы пасля апавялі журналістам, што нападнік заходзіў ува ўсе аўдыторыі не верхніх паверхах і страляў ува ўсіх, каго бачыў. Частка студэнтаў і выкладчыкаў забарыкадаваліся. Некаторыя ратаваліся праз дах.

Кветкі і свечкі каля Карлавага ўніверсітэту. Прага, Чэхія. 22 снежня 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

«Як бы там ні было, я не палезла на карніз першаю. Некаторыя мае аднагрупнікі палезлі адразу. Я даволі моцна баюся вышыні, таму спадзявалася, гэтага будзе дастаткова, што мы апынёмся за рогам на даху, і паліцыя да таго часу разбярэцца з гэтым. Але тут мы пачулі выбухі, якія рабіліся ўсё бліжэй і бліжэй, і яны ўжо былі на даху. Тады я таксама спусцілася на карніз», – распавяла пацярпелая студэнтка.

На тым жа даху ў атачэнні нападнік, імаверна, здзейсніў самагубства. Аднак цяпер правяраюць, ці не быў мужчына забіты паліцыяй. Ад паступлення сігналу да смерці стралка прайшла ўсяго 21 хвіліна.

«Людзі кажуць аб тым, што жыццё падзялілася ўжо цяпер ты не будзеш спакойны на факультэце. Я сам узгадваю, што я заходзіў на факультэт проста выпіць кавы. Бо гэта ў цэнтры. А цяпер я думаю: а вось я зайду на факультэт і я не вярнуся проста. І людзі канечне… гэта жалоба, гэта слёзы, гэта смутак», – адзначыў дактарант філасофскага факультэту Карлавага ўніверсітэту Аляксандр Паршанкоў.

Трагедыя ў Празе ўзняла хвалю салідарнасці, адзначыў Аляксандр Паршанкоў. Людзі падтрымліваюць адно аднаго, дапамагаюць фінансава пацярпелым. Гэтак, у дабрачынны фонд Карлавага ўніверсітэту ўжо паступіла больш за мільён еўраў.

Ірына Юр’ева, «Белсат»