Як выглядае войска ў Эстоніі


Многія, з тых, хто прайшоў тэрміновую службу ў Беларусі, называе гэты час змарнаваным. Зброя і казармы паўвекавой даўніны, ментальнасць афіцэраў, захраслая ў савецкай эпосе, паказуха і бессэнсоўная праца замест баявой вучобы. Да гэтага часта дадаецца дрэннае харчаванне і гвалт. Распаўсюджана меркаванне, што эфектыўнае войска можа быць толькі прафесійным. Але сярод краінаў з савецкім мінулым ёсць тыя, якія разбіваюць гэты стэрэатып. Эстонія ніколі не адмяняла прызыў, пры гэтым стварыла войска, якому давярае грамадства і ад якога не ўхіляецца моладзь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

Мы знаходзімся ў горадзе Тапа на поўначы Эстоніі. Тут размешчана самая вялікая ў краіне воінская частка. У ёй служаць паўтары тысячы эстонскіх жаўнераў і яшчэ больш за тысячу саюзнікаў Эстоніі па НАТА. Усе гэтыя казармы былі пабудаваны ў чыстым полі дваццаць гадоў таму. І яны зусім не падобныя да савецкіх.

Ёсць меркаванне, што добра падрыхтаваным можа быць толькі прафесійнае войска. У 7-тысячнай эстонскай арміі мірнага часу прафесійных вайскоўцаў толькі крыху больш за палову. Астатніх салдат – прызываюць.

Ствараючы сваё войска, эстонцы не пайшлі па пракладзенай СССР каляіне. Яе проста не было. Сыходзячы з Эстоніі, былыя савецкія войскі не пакінулі ні тэхнікі, ні зброі. Савецкіх касак 1970-х гадоў, пляшак 1960-х, і пяхотных лапатак родам з Другой сусветнай, якія я памятаю са сваёй службы ў Печах пад Барысавам, у эстонскіх навабранцаў я не ўбачыў.

«У баявы рыштунак уваходзяць бронекамізэлька, разгрузачная сістэма і зброя. Заплечнікам мы, як правіла, карыстаемся ў марш-кідках і ў палявых лагерах. Штодня мы яго не носім. У камплект уваходзіць яшчэ шлем. Рыштунак у цэлым зручны», – паказвае змесціва сваёй шафы шараговец батальёну забеспячэння Керк-Аляксандэр Нуупуу.

Казарма – гэта не звычная для тых, хто служыў у беларускім войску, заля на 120 чалавек, падзеленая на тры памяшканні. Тут кожнае аддзяленне з 10-12 чалавек жыве ў сваім пакоі. У казарме ёсць душ, але галоўным сюрпрызам для мяне стала саўна. У адрозненне ад беларускай арміі, эстонскія салдаты не мятуць апалае лісце і не ўкладваюць снег у квадратныя сумёты. Уборкай тэрыторыі займаюцца грамадзянскія фірмы.

«Дапамога байцоў таксама выкарыстоўваецца, але ў разумных межах. Няма сэнсу прызываць жаўнера на службу, каб ён чысціў снег. Лепш замест гэтага правільна арганізаваць яму навучанне», – канстатуе маёр скаўцкага батальёну Уладзімір Калатыгін.

Займаюцца байцы звычайна з 8 раніцы да 5-й вечара. У вольны час яны могуць пагуляцца ў плейстэйшн, схадзіць у качалку, бібліятэку, кіно ці кавярню. Ляжаць на ложках у вольны час таксама дазваляецца. «Незаняты салдат – патэнцыйны злачынец» тут не гавораць.

«Я ўжо як мінімум тры рэчы магу назваць, з якімі мне дапамагло эстонскае войска. Гэта веданне і разуменне эстонскай мовы. Я яе да гэтага ведаў, а зараз палепшыў у шмат разоў. Я навучыўся абыходзіцца са зброяй, я навучыўся выжываць у лесе, я навучыўся аказваць першую дапамогу пацярпеламу», – пералічвае шараговы батальёну забеспячэння Міхаіл Фокін.

Нават у спецыялістаў тылу курс маладога байца заканчваецца марш-кідком на 35 кіламетраў. За сваю службу гэтыя хлопцы выстрэльваюць нашмат больш, чым 18 патронаў, якія я ў свой час стрэліў са свайго «Калашнікава». 6 з іх былі халастыя.

«Гэта аўтамат R-20 Rahe – далейшае развіццё ўлюбёнай зброі амерыканцаў, вінтоўкі AR-15. Зброя, насамрэч, вельмі простая, – паказвае нам сваю штурмавую вінтоўку шараговы артылерыйскага батальёну Міхкель Аспер. – Паколькі мы служым у артылерыйскай частцы ў экіпажах самаходных гаўбіц К9, у нас была паўза ў стралковай падрыхтоўцы працягласцю ў два месяцы. Апошні раз мы стралялі літаральна ўчора і пазаўчора – пад сто стрэлаў кожны дзень».

Сучасная «разумная» тэхніка шмат рэчаў робіць сама, таму навучыць салдат з ёй абыходзіцца прасцей, чым дваццаць-трыццаць гадоў таму. Гаўбіца К9 паўднёвакарэйскай вытворчасці. Гэтая машына з бартавым камп’ютарам здольная паслаць у адну кропку тры снарады ўсяго за пяць секунд. Такой складанай тэхнікай вучаць кіраваць выключна салдат тэрміновай службы». І яны спраўляюцца, гавораць афіцэры. Кожны год у эстонскае войска прызываюць больш за тры тысячы навабранцаў. Тэрмін службы – ад 8 да 11 месяцаў. 60 працэнтаў прыходзяць добраахвотна.

Аляксандр Папко, «Белсат»