Ці мае перспектывы беларуская журналістыка?


Ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах супрацоўнікаў медыяў, прызнанне інфармацыйных рэсурсаў экстрэмісцкімі і іх блакаванне, арышты і рэальныя тэрміны зняволення для журналістаў, вымушаная рэлакацыя… Вынікі 2021 году для айчынай медыяпрасторы падсумавала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Намеснік дырэктара БАЖ Барыс Гарэцкі кажа, што 2021 год стаў рэкордным па крымінальных справах супраць журналістаў, такога ніколі не было, за кратамі цяпер знаходзіцца 31 журналіст і ўсе гэтыя людзі сядзяць па крымінальных артыкулах.

Беларусь увайшла ў пяцёрку краінаў свету, дзе за кратамі найбольш прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сведчыць даклад Камітэту абароны журналістаў. У нашай краіне за кратамі цяпер 31 журналіст, сярод іх пяцёра асобаў, звязаных з Белсатам. Журналісткі Кацярына Андрэева, Дар‘я Чульцова, Ірына Слаўнікава, вядоўцы і аўтары тэлепраектаў Уладзімір Мацкевіч, Павел Вінаградаў. Намеснік дырэктару Белсату Аляксей Дзікавіцкі кажа:

«Людзі маюць смартфоны, ёсць інтэрнэт і адарваць, адрэзаць тыя рэдакцыі, якія былі вымушаныя з’ехаць за мяжу практычна немагчыма. Я думаю, што і Белсат, і калегі з іншых сродкаў масавай інфармацыі вытрымаюць, таму што гэта абсалютна патрэбная справа. Калі будуць у краіне перамены, то ніякія перамены немагчымыя без сапраўдных СМІ».

Міністэрства інфармацыі блакавала сайты незалежных выданняў, яны ў адказ стваралі для чытачоў сайты-люстэркі. На наведвальнасць рэсурсаў, аднак, паўплывала прызнанне матэрыялаў выданняў і іх самых экстрэмісцкімі. Гэта прадугледжвае адказнасць і для спажыўцоў інфармацыі. Напрыклад, за рэпост.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі кажа:

«Мы кожны дзень атрымліваем навіны, што новы рэсурс прызналі экстрэмісцкім ці вось людзей звязаных з рэсурсам прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта ўплывае на паводзіны людзей, на паводзіны рэдакцый і з’яўляецца важным фактарам».

Як удаецца выконваць свае прафесійныя абавязкі журналістам і рэдакцыям ва ўмовах пастаяннага ціску, рэпрэсій і пераследу?

Менеджар Zerkalo.io Аляксандра Пушкіна кажа, што былому TUT.BY удалося перазапусціцца, працягнуць сваю працу не гледзячы ні на што. Кожны месяц яны пашыраюцца, адкрываюць новыя рубрыкі і за кошт гэтага прыцягваюць новую аўдыторыю. Зараз – 2 700 000 унікальных карыстальнікаў у месяц.

Паводле Барыса Гарэцкага, не гледзячы на абмежаванні, беларускае грамадства прагне незалежнай інфармацыі. А таму пад поўны кантроль узяць інфармацыйную прастору не атрымалася. Што праўда, маніторынг БАЖ паказвае, 2021 год – найцяжэйшы перыяд за ўсю гісторыю медыя сектара Беларусі.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»