«Меншая пакута - адбыць у вязніцы»


У судзе Ленінскага раёну Менску Марына Клімчук пачала разгляд крымінальнай справы супраць Златы Януковіч, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Злата – дзяўчына з вядомага фота з леташніх пратэстаў, на ім 10-га жніўня жанчыны стаяць у счэпцы перад сілавікамі, баронячы мужчынаў ад затрымання. Дзяўчыну затрымалі сёлета ў кастрычніку, на праўладных каналах з’явілася так званае «пакаяннае відэа» з ёй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На арыштаванага амаль месяц таму журналіста Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу вінавацяць журналіста, родным не паведамілі. Чакаецца ягоны перавод у менскі следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага. З 25-га лістапада Кузнечыка тройчы пакаралі дзесяццю соднямі арышту паводле адміністратыўных артыкулаў. Сваёй віны журналіст не прызнаваў. Незадоўга да затрымання ён напісаў тэкст, дзе патлумачыў, чаму застаецца ў краіне.

«У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі)», – піша Андрэй Кузнечык.

Сузаснавальніка онлайн выданняў kyky.org і The Village-Беларусь ды ўладальніка прасторы «Галерэя Ў» Аляксандра Васілевіча пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы. Палітвязня трымаюць у ізалятары з леташняга жніўня. Аб працягу тэрміну ўтрымання пад вартай паведаміла ягоная жонка Надзея Зелянкова.

«Перадае вітанні! І шчыра дзякуе за лісты, пасылкі і перадачы. З Калядамі!», – піша Надзея ў сваім Фэйсбуку.

Адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітзняволеных, у тым ліку журналістаў «Белсату» Уладзіміра Мацкевіча і Ірыну Слаўнікаву, пазбавілі ліцэнзіі. Яе выключылі з Менскай гарадской калегіі адвакатаў, нібыта за дысцыплінарны праступак – Лізавета Матвеева не зʼявілася на пазачарговую пераатэстацыю, паколькі абскарджвала яе правядзенне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»