У былых чальцоў «За Свабоду!» адбыліся ператрусы


Ператрусы ў кватэрах былых чальцоў руху «За Свабоду!» з допытамі і затрыманнем тэхнікі. Аніводны з шэрагу асобаў, якіх гэтымі днямі турбуюць, не падтрымлівае кантактаў з сябрамі руху, якія выехалі за мяжу, і не праяўляе ніякай палітычнай актыўнасці ў межах Беларусі, як заявіў колішні старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Якія прычыны для ўвагі сілавікоў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грукат у дзверы а 7-ай ранку, і на парозе – няпрошаныя госці. У розных пунктах Беларусі з ператрусамі і прынамсі апытаннямі прыходзяць да былых сябраў руху «За свабоду!». Пытаюцца пра справы чальцоў арганізацыі ды кіраўніцтва, якія пакінулі Беларусь.

«Запытваюцца, ці захаваліся паміж імі і тымі, хто застаецца ў Беларусі, нейкія сувязі? Што яны ведаюць пра тых, хто за мяжой. Такі стандартны набор пытанняў, пэўна, ў межах падрыхтоўкі нейкай крымінальнай справы адносна тых, хто выехаў», – пракаментаваў Юрась Губарэвіч.

Ранкам у сераду КДБ учыніў ператрус у Юрыя Казакевіча з Баранавічаў. У Гомлі ператрусы правялі ў Аляксея Атрошчанкі і Уладзіміра Кацоры. Завіталі таксама да рэдактара старонкі beshankovichi.by Георгія Станкевіча. У Верхнядзвінску пасля ператрусу затрымалі і дасюль не вызвалілі грамадскую актывістку Валянціну Болбат.

Вольга Быкоўская, пра якую таксама распытвалі ў колішніх калегаў, кажа:

«Угадаць іх логіку мы не можам. Але я б назвала гэта незаконнымі дзеяннямі, таму што няма ніякіх падставаў прыходзіць да гэтых людзей».

На гэтых архіўных кадрах – публічныя акцыі руху «За свабоду!». Арганізацыі, якую ў 2006-ым заснаваў колішні кандыдат на прэзідэнцтва Аляксандр Мілінкевіч. Рух два дзясяткі гадоў змагаўся за свабодныя выбары ды інтэграцыю незалежнай Беларусі ў Еўразвяз.

Летась рэжым фармальна зліквідаваў яго юрыдычны статус. З таго часу ніхто з былых актывістаў, якія засталіся ў Беларусі, не браў удзелу ў дзейнасці арганізацыі, як сцвярджае Губарэвіч.

Ператрусы распачаліся неўзабаве пасля прызначэння Юрася намеснікам Паўла Латушкі – прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады.

«Канешне ж гэтая актывізацыя можа быць звязаная і з той дзейнасцю, якую цяпер раблю ў межах Абʼяднанага пераходнага кабінету. А менавіта фармаванне кадравага рэзерву для Новай Беларусі. Відавочна, гэта балючая тэма для дзейных дзяржслужбоўцаў», – развёў рукамі спадар Юрась.

Прынамсі дзве асобы з Кабінету апошнім часам атрымлівалі пагрозы ад прыслужнікаў рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, стартаперка Таццяна Зарэцкая казала медыям пра сотні пагрозаў, і менавіта іх, а не скандальныя расследаванні свайго бізнесу называла прычынаю сыходу з палітыкі.

«Органы, якія ажыццяўляюць рэпрэсіі дачыненні беларусаў, не выбіраюць метады. Калі яны рэпрэсіўная, машына бачыць, што будуць эфектыўныя пагрозы, – яны прымяняюць пагрозы. Калі яны бачаць, што пагрозы не будуць мець сэнсу (асабліва ў выпадку тых, хто даўно ў палітыцы), – то ніяк. Яны ўсё аналізуюць», – лічыць праваабаронца і юрыст Раман Кісляк.

Пазіцыя руху «За свабоду!» – працягваць сваю справу, няхай і ў замежжы. А парада праваабаронцаў праціўнікам рэжыму, якія выходзілі на пратэсты, не былі затрыманыя і застаюцца ў краіне, – быць пільнымі.

«”Улады” спраўляюцца з ажыццяўленнем гэтых рэпрэсіяў. Яны не могуць мільёны рэпрэсаваць, але тысячы, на жаль, – так. Тут відавочна, што “ўлада” дагэтуль не выйграе, не перамагае ў гэтым супрацьстаянні», – рэзюмуе праваабаронца.

Раман Кісляк мяркуе, што пацвярджае гэта акурат узмацненне рэпрэсіяў і больш жорсткія тэрміны для іншадумцаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»