У Беларусі забароняць заходнюю культуру?


Заходняя культура – пагроза для бяспекі краіны: вынікае з канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Беларускі Мінкульт вынес яе на грамадскае абмеркаванне. Чым лукашэнкаўскім чыноўнікам зноў не дагадзіў Захад? І як яны будуць змагацца з ягонай культурай? Разам з незалежнымі экспертамі дакумент абмяркоўваў Валянцін Васіленка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Культурніцкае імпартазамяшчэнне», «традыцыйныя духоўныя каштоўнасці», «патрыятычнае выхаванне» – падобнай тэрміналогіяй стракаціць канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ад Мінкульту. Бо ад заходняй культуры нібыта ідзе пагроза для палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспекі Беларусі.

«Гэта логіка таталітарнага грамадства, таталітарнай улады, якая імкнецца падпарадкаваць сабе абсалютна ўсе сферы, тым болей такую незразумелую і небяспечную для адміністратыўнага рэсурсу як культура», – кажа культурніцкі аналітык Максім Жбанкоў.

Заходняя культура «абумоўлівае зніжэнне ў грамадзянаў інтарэсу да спажывання беларускай культурнай прадукцыі». І нібыта прапагандуе індывідуалізм, ненатуральныя стасункі паміж паламі і ў сям’і, а таксама неабмежаваную свабоду творчасці – бядуюць чыноўнікі. І пераймаюцца, што заходняй культурнай прадукцыі аддае перавагу моладзь.

«Гэтыя нашыя мянты і мяснікі нічога ўласнага прыдумаць не здольныя. Таму яны проста бяруць гэтыя патэрны савецкія і думаюць, што гэта будзе працаваць праз сорак гадоў. Я лічу, што з гэтага можна проста паржаць», – кажа Іван Падрэз, музычны блогер і былы тэлевядоўца.

Блогер згадвае, як калісьці савецкія ўлады забаранялі заходнюю музыку нібыта за «неафашызм», «эратызм», «рэлігійнае цемрашальства». Беларускі Мінкульт жа настойвае на культурным імпартазамяшчэнні: больш свайго кантэнту, менш іншамоўных назваў і ніякіх замежных святаў.

«Зусім не гэта прымушае людзей глядзець на цывілізаваныя краіны, жадаць паехаць туды і знайсці там працу, а тое, што там ёсць больш магчымасці для самарэалізацыі», – мяркуе старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Дабраліся мінкультаўскія чыноўнікі і да гісторыі: хочуць перагляду музейных экспазіцыяў, прысвечаных Вялікаму княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай. Бо гэтага патрабуюць – цытата – «умовы сучаснай гістарычнай праўды».

«Гэта гісторыя СССР са сталіцай у горадзе Масква. Усё, што супраць было гораду Масква – у тым ліку, і Рэч Паспалітая – гэта ўсё, адпаведна, чужое, супраць чаго трэба выступаць», – тлумачыць логіку чыноўнікаў Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук.

На думку гісторыка, у Лукашэнкавай інтэрпрэтацыі беларускі гістарычны праект шкодзіць нацыянальнай ідэнтычнасці.

«Яго то ўсе крыўдзілі, то ўсе ратавалі. Ён не субʼект, а абʼект у гісторыі. А з такімі абʼектамі не шмат хто захоча мець ідэнтычнасць. Таму ідэнтычнасць будуць шукаць па іншых кірунках свету – у Расеі, Украіне, Польшчы», – кажа Яўген Красулін.

Але ці дасць новая культурная канцэпцыя той плён, на які спадзяюцца чыноўнікі?

«Улада ў нас, як вядома, збольшага правінцыйная, калгасная, таму і падыходзіць да культуры зыходзячы са сваіх вельмі абмежаваных рэсурсаў. Гэта вельмі заганная логіка, што можна штосьці забараніць – і гэтага не будзе. Насамрэч будзе, бо культура не жыве паводле забаронаў», – мяркуе Максім Жбанкоў.

Пакуль Мінкульт наракае на нястачу айчыннага кантэнту, шэраг незалежных ад дзяржавы беларускіх літаратараў, музыкаў, рэжысёраў вымушаны працаваць за мяжой. Бо на Радзіме іхную творчасць абвясцілі экстрэмісцкай.

Валянцін Васіленка, «Белсат».