Жыхары акупаванай тэрыторыі не хочуць у Расею


У чатырох вобласцях Украіны, часткова акупаваных Крамлём, сёння акупанты распачалі гэтак званыя рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Сусветная дэмакратычная супольнасць ужо заявіла, што не прызнае іх вынікаў. А як на ўваходжанне ў РФ так званых ДНР і ЛНР адрэагуе Менск, які падтрымлівае Маскву ў вайне з Украінай?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жыхары акупаванай Снігуроўкі Мікалаеўскай вобласці выйшлі на мітынг супраць фэйкавага «рэферэндуму» з заяваю, што яны не хочуць у Расею.

Тым часам у акупаваным з 2014 года Данецку галасуюць з самай раніцы. Умовы часам максімальна простыя: стол на кухні, у двары, ці наогул у пад’ездзе хрушчоўкі.

«Мы спадзяёмся на Расею душой, розумам. Усё там, і жадаем хутчэй вярнуцца дадому, каб Расея забрала нас пад сваё крыло», – кажа адзін з прагаласаваўшых у Данецку.

У Херсоне, занятым расейскімі войскамі сёлета ў сакавіку, зарганізавалі адмысловыя ўчасткі для галасавання.

«Я маю ўкраінскі пашпарт, ёсць грамадзянінам Украіны, раблю выбар сёння і, шчыра сказаць, іду ў Расею, распісваюся», – кажа мужчына, які сёння прагаласаваў у Херсоне.

Да тых, хто не прыйдзе на ўчасткі, але ёсць у спісах для галасавання, могуць завітаць дадому, кажа дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань:

«Пад дулам аўтамата будуць фактычна прымушаць ставіць “так”. І іншага выбару ў чалавека проста няма. Таму што ён адправіцца ў турму расейскую – незаконна затрыманы, або з ім расправяцца адразу на месцы».

Сяргей Хлань.
Фота: kherson.life

Галасаваць на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў будуць пяць дзён, да 27 верасня. Аднак верхавод так званай ДНР Дзяніс Пушылін заявіў, што ўжо ўпэўнены ў станоўчым выніку так званага рэферэндуму:

«Дзякую за мужнасць, нязломную стойкасць і веру ў нашу вялікую радзіму. Голас кожнага з вас пацвердзіць ісціну: Данбас – гэта Расея».

Яшчэ да пачатку так званых рэферэндумаў Кіеў заклікаў міжнародную супольнасць асудзіць Расею за правядзенне фальшывага галасавання. Не жадаюць далучэння да Расеі і перасяленцы з акупаваных тэрыторыяў, якія цяпер жывуць у Запарожжы:

«Я супраць рэферэндуму, бо я лічу, што маё мястэчка і мая вобласць цалкам належаць Украіне».

«Катэгарычна супраць, бо я лічу, што Херсонская вобласць – гэта тэрыторыя Украіны».

«Ён, па-першае, нелегітымны. І як можна падчас вайны? І наогул. Гэта як: на чужых тэрыторыях прыйшоў як дадому – і што хачу, тое і раблю? Я не падтрымліваю».

А вось тыя, хто зʼехаў пасля пачатку вайны жыць у Расею, сёння прыйшлі галасаваць за ўваходжанне акупаваных тэрыторыяў у склад краіны-агрэсара.

«Вельмі хацелася, каб Расея нас падтрымала раней. Вельмі ўдзячная, што гэтыя дзеянні ўсё ж пачаліся», – кажа маладая жанчына.

«Каб уся Украіна ўвайшла ў склад Расеі – гэта вялікая абарона будзе», – дадае іншая перасяленка з участку ў Хабараўску.

Пра тое, што ўкраінскія ўцекачы змогуць прагаласаваць на гэтым псеўдарэферэндуме не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі, у канцы жніўня паведамляла выданне «Зэ Інсайдэр». Маўляў, да галасавання будзе прыцягнуты нават Цэнтрвыбаркам Беларусі. У расейскім пасольстве ў Менску нам пракаментавалі сітуацыю наступным чынам:

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь галасавання не праводзіцца. Пакуль не праводзіцца. Як будзе далей – невядома».

Як будзе далей – пытанне неадназначнае, бо самаабвешчаныя рэспублікі прызналі толькі адзінкавыя дзяржавы-ізгоі: Сірыя, КНДР, часткова прызнаныя Абхазія і Паўднёвая Асеція, а таксама ўласна Расея. Лукашэнка, які ўжо называў Крым расейскім, раней заяўляў, што калі будзе патрэба, Беларусь прызнае ДНР і ЛНР, якія ў Кіеве лічацца тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«Для яго прызнанне – гэта ўжо закрыццё дзвярэй для якога-небудзь варыянту міратворчай місіі, якую ён пасля, як яму бачыцца, можа дзе-небудзь згуляць. Таму ён будзе адцягваць гэты працэс. Для Пуціна важна, каб Лукашэнка прызнаў гэтую гісторыю, з улікам таго, што Пуцін цяпер спрабуе ўцягнуць Абхазію ў саюзную дзяржаву», – каментуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Калі Лукашэнка ўсё ж прызнае гэтак званыя ДНР/ЛНР як частку Расеі, то ў рамках гэтай самай Саюзнай дамовы вайскоўцаў Беларусі адправяць ваяваць ва Украіну, каб абараняць ужо расейскія з пункту гледжання Крамля тэрыторыі, падкрэслівае палітолаг Павел Усаў:

«Што, па сутнасці, азначае для Лукашэнкі ўжо непасрэдную канфрантацыю з Украінай, непасрэдную канфрантацыю з Захадам і адпаведна рызыкі, якія за гэтым ідуць: абстрэлы тэрыторыі Беларусі».

Нават калі Лукашэнка паспрабуе, як той казаў, саскочыць з Саюзнае дамовы, ёсць абавязкі ў межах АДКБ. У гэтым разе, што праўда, у дыктатара Беларусі таксама застаецца магчымасць для манеўру – як у выпадку з Арменіяй. Але тады, падкрэслівае палітолаг, гэта будзе азначаць адкрытае супрацьстаянне з Крамлём, да якога Лукашэнка відавочна не гатовы.

Віталь Бабін, «Белсат»