На ўрок беларускай мовы прыйшлі 20 тысяч чалавек


На Youtube-канале кампаніі «Годна» запусціўся моўны клуб «Гоман» – онлайн-курс па вывучэнні беларускай мовы. Вядоўцы курса абяцаюць, што пры праходжанні ўсіх 12 заняткаў можна будзе вольна пачаць гаварыць па-беларуску.

Мне сёння пашанцавала: частку працоўнага дня я правяла на курсах беларускай мовы. Іх узровень такі, што нават я – па адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры – адкрыла для сябе нямала новага.

А вы калі-небудзь былі на ўроках беларускай мовы, дзе можна не сядзець за партай у душнай або халоднай аўдыторыі, прыходзіць не ў прызначаны выкладчыкам час, а тады, калі вам зручна, ды і ўвогуле нікуды не хадзіць?

Гэта не фантастыка. Такія магчымасці дае онлайн-навучанне. Заняткі ў моўным онлайн-клубе «Гоман» наведваюць… больш за 20 тысяч чалавек!

«20 тысяч сабраць на ўрок беларускай мовы – гэта даволі добра. А мы будзем настройвацца на тое, што гэтых людзей будзе станавіцца больш, бо мова – гэта наш сцяг. Таму трэба, каб больш людзей пераходзіла на беларускую мову», – распавёў нам Аляксей Шэін, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, пісьменнік.

Выкладчык і пісьменнік Аляксей Шэін разам з музыкам Андрусём Такіндангам вядуць заняткі ў моўным онлайн-клубе «Гоман». Хутчэй не заняткі, а шоу.

«Аляксейн Шэін адказвае за разумную частку, я, магчыма, больш за забаўляльную. Я спадзяюся, што «Гоман» – гэта першы штуршок, такое заахвочванне для людзей, якія баяліся, магчыма, саромеліся зрабіць першы крок у свет беларускай мовы», – кажа музыка і вядоўца курсу Андрусь Такінданг.

Выкладчыкі абяцаюць, што ўсе, хто пройдзе курс з дванаццаці заняткаў і зробіць хатнія заданні, зможа свабодна карыстацца беларускай мовай у любой сітуацыі.

«Гэта не кітайская мова, не бенгальская, яна ёсць у нашым пасіве, мы яе разумеем. Нават тыя людзі, якія размаўляюць па-расейску, яны жывуць у Беларусі і цудоўна разумеюць беларускую мову», – кажа выкладоўца Аляксей Шэін.

На ютуб-канале «Годна» змешчаныя ўжо тры заняткі:

– прадукты і ежа,

– кухня і посуд,

– словы вітання, прабачэння, просьбы, падзякі.

Здавалася, б што можа быць лягчэйшым за вітанне па-беларуску?

«Але ёсць нюансы. Я раней казаў і дзяўчатам і мужчынам «Здарова». Пасля мне ўжо патлумачылі, што «Здарова» я кажу жанчыне, а «Здароў» – мужчыну», – распавядае на курсах Андрусь Такінданг.

Унікальнасць курсу «Гоман» – у нетрывіяльнай падачы інфармацыі. З гумарам вядоўцы навучылі гледачоў, напрыклад, лінгвістычнаму тэрміну – «мандэгрын», што азначае пераасэнсаванне няправільна разабраных на слых словаў.

Чарговы ўрок з жартамі, спевамі і глыбокім зместам выкладчыкі абяцаюць выкласці напрыканцы месяца.

Вольга Старасціна, «Белсат»