Лукашэнка «знайшоў» на беларускіх заводах «заходніх шпіёнаў»


Варожыя шпіёны перашкаджаюць ураду Рамана Галоўчанкі ўтрымліваць эканоміку ад падзення. Бо зліваюць калектыўнаму Захаду асабліва сакрэтную інфармацыю, як чыноўнікі Лукашэнкі спрабуюць абыйсці еўрапейскія і амерыканскія санкцыі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы чальцоў ураду са справаздачай.

Справаздача міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка і віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава пра экспартныя паказнікі і фінансы ператварылася ў шпіёнска-вытворчую драму – пра заходніх шкоднікаў на беларускіх заводах.

«У мяне ёсць інфармацыя, што некалькі мярзотнікаў там яшчэ дзесьці засталіся і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад пра тое, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абыйсці санкцыі», – так Лукашэнка даў устаноўку чыноўнікам.

Лукашэнка загадаў міністрам давесці да дырэктараў прадпрыемстваў загад шукаць заходніх шпіёнаў сярод рабочых: «Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга… Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы і нашай дзяржаве».

Пошук шпіёнаў і дыверсантаў – гэта законнае развіццё рэпрэсіўнай логікі аўтарытарнага рэжыму, тлумачыць палітолаг Андрэй Ягораў. Калі з найвышэйшага ўзроўню ідзе загад шукаць шкоднікаў сярод прадпрымальнікаў – трасуць бізнес, вінаватымі прызначаюць блогераў – ідзе хваля арыштаў блогераў. Цяпер спецслужбы Лукашэнкі ўзяліся за рабочых, бо мірны грамадзянскі супраціў не знік, а праблемы ў эканоміцы толькі нарастаюць.

«Раней ці пазней гэта можа даходзіць да палявання ва ўласных структурах: чаму мы ўсіх пакаралі, а ў нас паказнікі не растуць, хто вінаваты? Міністры, замміністры, выканаўцы адміністратыўнай вертыкалі, якія насамрэч зʼяўляюцца шпіёнамі і падрыўнікамі, і гэтак далей», – тлумачыць палітолаг Андрэй Ягораў аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацы.

Цяпер у Беларусі працягваюць затрымліваць рабочых, якія заяўлялі пра забастоўку. Праваабарончы цэнтр «Вясна» высветліў прозвішчы 16-ці затрыманых – гэта працаўнікі «Горадня Азоту» і Беларускага металургічнага заводу. Некалькі з іх ужо вызваленыя, частка сядзіць у Следчым ізалятары КДБ.

«Гэта новая хваля запалохвання рабочых. Яны і так маюць вельмі мала правоў і нешта падобнае да свабоды асацыяцыяў, выказванняў, сходаў. Вось ім і паказваюць, што калі вы падумаеце нават, што нейкая інфармацыя можа спатрэбіцца калектыўнаму Захаду, то чакайце, што могуць быць такія наступствы», – кажа Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў.

Раней стала вядома пра затрыманні на Беларускай чыгунцы. Графістка Цэнтру кіравання перавозкамі Ганна Аблаб і былы дыспетчар Сяргей Дзюба затрыманыя нібыта паводле артыкулу «здрада дзяржаве», гэтаксама, як і слесар-рамонтнік БМЗ Аляксандр Гашнікаў. Вядома, што яны таксама ў «амерыканцы» – Следчым ізалятары КДБ.

Тым часам дзяржаўнае тэлебачанне з падачы КДБ паведаміла пра затрыманне чалавека, які прывозіў у Беларусь зброю і рабіў схроны для тэрарыстычных групаў.

«Гэта такая рэгулярная зʼява, і верыць ім ніяк нельга, бо чаго мы толькі за гэтыя гады не чулі. І пацукі былі ў водаправодзе, і зброя ў грамадзянскіх актывістаў, якая не знайшлася, і справа »Белага легіёну«, дзе таксама фігуравала зброя, і джыпы прарываліся праз мяжу, і вагнераўцаў затрымлівалі, якія інспіравалі тут нейкія вайсковыя дзеянні, і потым кудысьці зніклі», – нагадвае Андрэй Ягораў.

Пры гэтым КДБ заяўляе, што затрыманы – не проста перавозчык зброі, а кілер, які нібыта мусіў забіць дэпутата Алега Гайдукевіча.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»