На мяжы Беларусі і Еўразвязу ізноў горача


Чарговы штурм польска-беларускай мяжы. Вялікія групы мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Еўразвяз. Сярод іх былі і асобы, настроеныя надзвычай агрэсіўна – паведамляе Памежная ахова Польшчы.

«Група мігрантаў, прыблізна 20 асобаў, пачала атакаваць польскі памежны патруль. У бок нашых памежнікаў ляцелі камяні і галіны дрэваў. Мігранты таксама ўжывалі рагаткі і пашкодзілі патрульны аўтамабіль. Больш за тое, адна з асобаў цэлілася ў бок афіцэраў памежнай аховы, імаверна, з гладкаствольнай зброі», – справаздачыцца прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Яна называе сілавікоў Лукашэнкі адказнымі не толькі за спробы мігрантаў перайсці мяжу з Еўразвязам:

«Міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы інспіраваны беларускім бокам. Мігранты, напэўна, таксама навучаныя ды інфармаваныя, як сябе паводзіць, ці мусяць яны атакаваць польскія патрулі, як і калі. Мабыць, галоўны ініцыятар такіх дзеянняў – беларускія спецслужбы».

Неспакойна і на межах Беларусі з краінамі Балтыі. У Латвію за мінулыя содні спрабавалі трапіць 143 мігранты. Літва ж паведамляе, што дзве асобы зайшлі на яе тэрыторыю з боку Беларусі і пашкодзілі памежныя слупы. У прыватнасці, зрэзалі кабелі камеры відэаназірання.

«Мы бачым спробы рэжыму неяк правакаваць суседнія краіны. Але я б расцэньваў гэта як больш псіхалагічны ціск, можа быць, пэўнае тэставанне таго, як рэагуюць літоўскія і польскія ўлады», – кажа Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Ужо на наступным тыдні ў Варшаве сустрэнуцца міністры ўнутраных справаў Латвіі, Літвы і Польшчы. Яны абмяркуюць магчымы механізм закрыцця межаў з Беларуссю. Калі нашыя суседзі пойдуць на гэты крок, то зробяць гэта ўсе разам. Але чаму Лукашэнка абвастрае сітуацыю менавіта цяпер? Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка называе іншы бок, зацікаўлены ў магчымым закрыцці мяжы:

«Як мінімум з пачатку вайны, а то і з 2020 года Лукашэнка робіць усё, што хоча Расея. Таму закрыццё мяжы, верагодна, цікавае і Крамлю. Але разам з тым закрыццё мяжы, калі сапраўды адбудзецца, у тым ліку з транспартам і транзітам грузаў, будзе вялікаю праблемаю для беларускай эканомікі».

Вадзім Мажэйка пакуль не бачыць, як Лукашэнка зможа кампенсаваць страты ад магчымага ўвядзення жалезнай заслоны. Але робіць агаворку: узурпатар не заўсёды кіруецца выключна рацыянальнымі матывамі ў сваёй дзейнасці.

Ян Федаровіч, «Белсат»