Хто выдае сябе за заўзятараў футбольнага «Дынама»?


На фанацкім сектары сталічнага футбольнага «Дынама» – нечаканая актыўнасць. Сапраўдныя ж заўзятары ўжо больш за тры гады ігнаруюць свой сектар на стадыёне. Хто ж удае з сябе фанаў?

Амаль тры гады фансектар футбольнага менскага «Дынама» пуставаў, і вось раптам на трыбунах – некалькі дзясяткаў асобаў. Паводле парталу «Трыбуна» – пераважна навічкі. Дык мо стварэнне новага фан-сектару – вынаходка ідэолагаў?

«Напэўна, клуб ці дзяржава, а цяпер менскае «Дынама» моцна пераплятаецца з Міністэрствам спорту Кавальчука. То, магчыма, ён вырашыў, што неабходна зрабіць свой фанацкі сектар. Для гэтага маглі знайсці нейкіх фанатаў, якія пагадзіліся. Магчыма, ім пагражалі, можа, былі нейкія іншыя прапановы», распавёў спартовы журналіст Раман Шаўцоў.

Фан-сектар «бела-блакітных» новых заўзятараў за сваіх не прызнаў.

«Ад імя ўсяго футбольнага руху заяўляем, што тое смецце, якое цяпер ашываецца на сектары, не мае і ніколі не мела ніякага дачынення да руху «Дынама» (Менск). Наш байкот працягваецца. А моладзі мы раім часцей карыстацца сваёй галавой. «Дынама» – гэта мы!», гаворыцца ў заяве футбольнага руху «Дынама» (Менск).

Пасля 2020-га, калі рэжым ужыў ґвалт супраць мірных пратэстоўцаў, фан-сектары апусцелі. Сёння ніводны клуб найвышэйшай лігі не можа пахваліцца пастаяннай тарсідай на стадыёнах.

«Пакуль мірныя людзі масава трапляюць за краты па сфабрыкаваных справах, а парадак на арэнах ахоўваюць падраздзяленні, якія заплямілі сябе катаваннямі і забойствамі, – падтрымка немагчымая. Для ўсіх адэкватных людзей прыярытэты з футбольных палёў зрушыліся ў бок агульнай перамогі нашага народу», – паведаміла гомельская тарсіда.

Ці мусяць сапраўдныя фанаты вярнуцца на трыбуны? Пераважная большасць чытачоў тэлеграм-каналу «Белсату» кажа «не». У той жа час на «Менск-арэне» замест сапраўдных фанатаў «дынамаўскі» сектар займаюць курсанты МНС, пераапранутыя ў джэрзі клубу.

«Гэтыя антуражы ваенных на трыбунах, гэта не мае нічога агульнага ў адносінах паміж гульцамі і заўзятарамі. Ці ведаюць аб гэтым спартоўцы? Канечне, ведаюць. Гуляюць не першы год незразумела для каго, іх светапогляд застыў», – распавёў былы генеральны дырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі.

Ці вернуцца фанаты на свае месцы, каб заўзець за свае ўлюбёныя клубы, і што для гэтага трэба?

«У фанатаў адбываюцца ператрусы, да фанатаў пастаянна прыходзяць на працу. Таму, канечне, цяпер яны не будуць прыходзіць на сектар, бо гэта банальна небяспечна, як і шмат чаго ў Беларусі. Для таго, каб яны вярнуліся на сектар, трэба адэкватная, сапраўдная міліцыя з народам, як кажуць», – падкрэсліў спартовы журналіст Раман Шаўцоў.

У выніку ж рэчаіснасць наступная: стварыць масавасць на трыбунах можна толькі ў выпадку «добраахвотна-прымусовай» раздачы квіткоў па школах, ВНУ ці прадпрыемствах.

Павел Алейнікаў, «Белсат»