Польшча адгародзіцца ад Беларусі плотам


Ні туды і ні сюды. 24 асобы па-ранейшаму застаюцца ў падвешаным стане на мяжы з Польшчай на беларускім баку.

Агулам напярэдадні палякі затрымалі 12 мігрантаў і спынілі яшчэ 84 спробы нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. У Варшаве анансавалі будову плоту на мяжы з нашай краінай.

«Мы маем дачыненне з гібрыднай вайной супраць польскай дзяржавы. Як і любы ўрад, мы абавязаныя абараняць польскую мяжу… Перадусім, нам важныя хуткія эфектыўныя дзеянні», – заявіў старшыня канцылярыі прэм’ера Польшчы Міхал Дворчык.

Плот мае быць два з паловаю метры ў вышыню. Лукашэнка сёння, размаўляючы з Пуціным ды іншымі кіраўнікамі краінаў АДКБ, абвінаваціў Польшчу ў распальванні канфлікту на мяжы:

«Яны адлавілі, інакш не скажаш, каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як яны прызналіся, ішлі ў Нямеччыну, куды іх паклікала «мутэр» Мэркель. І пад пагрозай зброі, страляючы паверх галоваў, выціснулі іх на мяжу з Беларуссю».

Пакуль Лукашэнка перакручвае факты, прэм’ер-міністры нашых суседзі з Еўразвязу – Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама Эстоніі – заявілі, што ў справе трэба аказаць ціск на Лукашэнку праз ААН:

«Беларусь павінна прыняць паўнату адказнасці за людзей, якім сама арганізавала прыезд на сваю тэрыторыю. Гэта недапушчальна, каб людзей, якія прыбылі ў Беларусь, незаконна кіравалі на знешнія межы ЕЗ».

Адметна, што сённяшнія словы Лукашэнкі больш пасуюць да дзеянняў беларускіх памежнікаў. На мінулым тыдні 12 функцыянераў дазволілі сабе парушыць мяжу і зайсці на тэрыторыю Літвы. Тады пра гэта «Белсату» распавёў кіраўнік памежнае службы Літвы Рустамас Любаевас:

«Прадстаўнікі сілавых структураў сумежнае дзяржавы парушылі дзяржаўную мяжу, былі на тэрыторыі нашае краіны незаконна цягам 5 хвілінаў. Гэта выклікае занепакоенасць людзей (…) Ажыццяўлялася, я так разумею, аперацыя для выдварэння нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі».

Сёння ж міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс чарговы раз абазначыў сваю ацэнку, хто вінаваты ў міграцыйным крызісе:

«Ня цяжка даказаць, хто і як гэта арганізуе. КДБ Беларусі з дапамогай турфірмаў і авіялініяў можа за тыдзень з Іраку ды іншых краінаў праз Стамбул даставіць больш за 6 тысячаў чалавек у Беларусь і прывезці іх да літоўскай мяжы, то бок да вонкавай мяжы Еўразвязу».

Напружана і на мяжы Беларусі з Латвіяй. Там з беларускага боку застаюцца 83 асобы, 27 з іх дзеці. У памежнай ахове Латвіі патлумачылі, чаму не могуць пусціць мігрантаў праз сваю мяжу.

«Калі мы адкрыем мяжу, тысячы людзей паспрабуюць трапіць у Латвію, каб адправіцца ў іншыя краіны ЕЗ (…) на мяжы з Латвіяй дамінуюць грамадзяне Ірака. Жыхароў Афганістана мы пакуль не зафіксавалі. Усе ідуць з Беларусі, некаторыя прыехалі туды праз Маскву», – заявіў у эфіры Латвійскае тэлевізіі начальнік памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс.

Польская памежная ахова заяўляе, што для таго каб падаць заявы пра бежанства, мігранты мусяць перайсці мяжу праз памежныя пункты пропуску. Напярэдадні МЗС Польшчы накіравала ў Менск ноту, выразіўшы гатовасць выслаць мігрантам, якія застаюцца на беларускай тэрыторыі, гуманітарную дапамогу ў выглядзе намётаў, ложкаў, харчавання, лекаў ды іншых неабходных рэчаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»