На парозе новай вайны


Перастрэлка паміж афганскімі сіламі бяспекі і невядомымі нападнікамі адбылася сёння раніцай у паўночнай частцы Кабульскага аэрапорту. Гэты аэрапорт стаў апошняй надзеяй на выратаванне для тысяч чалавек пасля захопу талібамі ўлады ў краіне. З боку афганскіх вайскоўцаў у страляніне быў забіты адзін чалавек, яшчэ трое параненыя. Ніхто з салдатаў NATO не пацярпеў. За тыдзень у аэрапорце і яго ваколіцах загінулі прынамсі 20 асобаў: адных застрэлілі, іншыя загінулі ў цісканіне.

«Учора адсюль забралі два целы. Ведаю, што спрабуюць знайсці развязанне, каб дастаўляць людзей з гатэляў у аэрапорт. Яшчэ тут перыядычна страляніна і ў цэлым вельмі вельмі дрэнная сітуацыя», – кажа ўцякач.

Між тым, масавая эвакуацыя людзей працягваецца. У Белым доме абмяркоўваюць падаўжэнне тэрміну вывазу людзей з афганскай сталіцы пасля 31 жніўня. Калі амерыканскія войскі затрымаюцца, «адказ будзе вайскоўцам» – заявілі талібы.

Вайскоўцы ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краінаў эвакуявалі з Кабулу ўжо каля сарака тысяч чалавек. Паводле расейскага амбасадара, каля чатырохсот афганцаў папрасілі дыпмісію дапамагчы ў выездзе з краіны.

«Вы ведаеце, хаос у Афганістане, напэўна, прывядзе мноства мігрантаў у Цэнтральную Азію і ўрэшце ў Расею, таму што, будзем шчырыя, ніхто не хоча заставацца ў Цэнтральнай Азіі», – мяркуе эксперт у пытанні Цэнтральнай Азіі Тэмур Умараў.

Талібы ўжо адрэагавалі на першыя асяродкі супраціву. Яны выставілі ўльтыматум самаабвешчананаму лідару супраціву Ахмаду Масуду. Ён адмовіўся здаць правінцыю Панджшэр, пераважна населеную таджыкамі. Паводле Масуда, у рэгіёне ёсць войскі з некалькіх афганскіх правінцыяў. 32-гадовы Ахмад Масуд – сын лідара таджыкскай грамады Ахмада Шага Масуда, які не дазволіў заняць Панджшэр падчас савецкага ўварвання.

«Я цяпер у сваім сховішчы, у сваёй цытадэлі – у Панджшэрскай цясніне. Людзі Панджшэрскай цясніны адчуваюць адзінства, і яны хочуць абараняцца, яны хочуць змагацца, яны хочуць супраціўляцца любому таталітарнаму рэжыму, супраць любой сілы, якая хоча навязаць людзям сваю веру і ідэалогію», – кажа лідар супраціву Ахмад Масуд.

У сувязі з сітуацыяй у Афганістане і вакол яго краіны – чальцы АДКБ правялі сёння пазачарговае паседжанне Савету калектыўнай бяспекі. Да 16 верасня яны дамовіліся выпрацаваць захады супольнага рэагавання на пагрозы, якія зыходзяць з Афганістану пасля прыходу там да ўлады талібаў. Ёсць асцярогі, што асяродкі супраціву талібам прывядуць да працяглай грамадзянскай вайны, заявіў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Пры гэтым ён мяркуе, што прыцягваць дадатковыя сілы, у тым ліку АДКБ, для аховы таджыка-афганскай мяжы не трэба.

Юлія Лабанава, Уладзімір Старыковіч, «Белсат»