Літва аднавіла чыгуначны транзіт у Калінінград


Еўракамісія дазволіла транзіт падсанкцыйных тавараў, акрамя вайсковых, у Калінінградскую вобласць праз краіны Еўрапейскага Звязу. Аднак будзе ажыццяўляцца маніторынг перавозаў паміж мацерыковаю Расеяй ды Калінінградскай вобласцю. Тавараабарот не мусіць перавышаць сярэдняга паказніку за апошнія тры гады. Аўтамабільныя грузаперавозкі і далей забароненыя.

«Гэтая гісторыя магла прывесці да эскалацыі канфрантацыі. Як вядома, заходнія краіны не жадаюць пераносу канфлікту на сваю тэрыторыю. Ну і таксама гавораць аб тым, што гэтая здзелка магла быць часткай больш шырокай здзелкі па вывазе збожжа з Украіны», – лічыць доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

Гісторыя з закрыццём транзіту з Літвы ў Калінінград пачалася 17 чэрвеня 2022 года. Тады губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў апублікаваў афіцыйны ліст літоўскай грузавой чыгуначнай кампаніі «LTG Cargo» з апавяшчэннем аб спыненні транзіту тавараў, якія трапляюць пад еўрапейскія санкцыі. Ды назваў рашэнне Літвы, цытата, «здушэннем рэгіёну». Балюча адрэагавалі і ў Крамлі:

«Гэтае рашэнне, сапраўды, беспрэцэдэнтнае, гэта парушэнне ўсяго. Мы разумеем, што гэта звязана з адпаведным рашэннем Еўрапейскага Звязу распаўсюдзіць дзеянне санкцыяў на транзіт», – гаварыў тады Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.

Не застаўся ў баку ад рэзкіх выказванняў і Аляксандр Лукашэнка:

«Апошнім часам нарастае паток інфармацыі наконт іх задумы спыніць транзіт з Расеі праз Беларусь у Калінінград. Гэта падобна абʼяве нейкай вайны».

У сваю чаргу пазіцыя Літвы была жорсткай ды непахіснай. Прэзідэнт Гітанас Наўседа зазначаў, што не можа быць ніякіх думак аб саступках Расеі:

«Літва мусіць і будзе захоўваць кантроль над таварамі, якія яна прапускае праз сваю тэрыторыю, і ні пра якія «калідоры» не можа быць і гаворкі».

Але Літва не здолела абараніць сваёй пазіцыі. І пайшла на патрабаванні Еўракамісіі, аднавіўшы транзітныя перавозы праз Беларусь. Ці выйграе на гэтым Лукашэнка?

«Гэта не значыць, што там беларускія тавары можна будзе правозіць. Але, напрыклад, кантрабанда, магчымасці для кантрабанды будуць створаныя. Раней былі пасажырскія злучэнні паміж Беларуссю, Польшчай і Літвой, яны актыўна выкарыстоўваліся і арганізаванымі злачыннымі групамі, і пад прыкрыццем дзяржавы, калі і цыгарэты, і іншыя вырабы перавозіліся ў Еўразвяз», – адзначае Франак Вячорка, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай.

Літоўскія палітыкі рызыкі разумеюць і да іх гатовыя. Афіцыйная Вільня даўно ведае, з кім мае справу.

«Лукашэнка ўсё можа выкарыстоўваць. Ён нават ужо пачаў людзей выкарыстоўваць, людзей, якія бягуць ад вайны з Сірыі ці Іраку. Ён іх выкарыстоўвае як жывы сродак, каб ціснуць на Еўропу», – кажа дэпутат сейму Літвы Томас Тамілінас.

Не выключана, што ў наступных санкцыйных пакетах забарона на чыгуначны транзіт будзе адноўленая.

Каментар
Ці змерзне Польшча? Як Еўразвяз рыхтуецца да зімы, што можа прайсці без расейскага газу
2022.07.22 12:17

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»