Рэжым абрынуўся на дабрачынныя арганізацыі. Што спыніць дзяржаўны тэрор?


Чарговы пагром з боку тых, хто ўтрымоўвае ўладу. Больш за 50 недзяржаўных арганізацыяў пазбавілі рэгістрацыі. Напярэдадні Лукашэнка заявіў, што яны ўяўляюць шкоду для дзяржавы, а таму, цытата, ідзе зачыстка. Зачышчаюць, сярод іншага, дабрачынныя арганізацыі, якія займаліся дапамогай у лекаванні і дапамогай людзям з інваліднасцю. Чым гэта замінала лукашэнкаўцам, разбіраўся Вітаўт Сіўчык.

Офіс правоў людзей з інваліднасцю, праваабарончую арганізацыю «Human Constanta» і яшчэ з 50 арганізацыяў сёння пусцілі пад нож. Падкантрольны Лукашэнку Мінюст паведаміў пра ліквідацыю недзяржаўных аб’яднанняў.

«У некаторых нават наварочваюцца слёзы праз тое, што такія сэрвісныя арганізацыі, якія рабілі тое, на што не хапала рэальнай магчымасці дзяржавы, – яны закрываюцца. І вельмі шмат рэальных людзей, якім патрэбная рэальная дапамога проста цяпер, будуць гэтым закранутыя», – кажа Андрэй Сушко з «Human Constanta».

Забралі рэгістрацыю таксама ў беларускіх культурніцкіх арганізацыяў. Сярод іх «Арт-Сядзіба», а таксама курсы «Мова Нанова», на якіх вучыліся тысячы чалавек.

«Аспрэчваць ліквідацыю і ўвогуле каментаваць сітуацыю ў цяперашніх умовах лічу непатрэбным – і так усё зразумела. Што рабіць далей? Размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, вывучаць нашую вялікую мову, гісторыю і культуру. Пасля кожнай ночы наступае дзень, і пасля гэтай цёмнай ночы дзень наступіць абавязкова таксама», – напісаў выкладчык курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка.

Трапілі пад пераслед і такія ўстановы як «БелСетка антыСНIД», цэнтр аматараў жывёлы «ЛАВБРЫЛ» і праваабарончая арганізацыя «Ваколіца», якая дапамагала жыхарам Менскага раёну адстойваць свае правы з забудоўнікамі, адваёўваць зялёныя зоны.

«Зайшла на афіцыйную старонку Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў і там са здзіўленнем пабачыла, што 15 ліпеня, аказваецца, Менгарвыканкам прыняў рашэнне пра ліквідацыю нашай арганізацыі», – распавяла экс-дырэктар «Ваколіцы» Вольга Беляўцова.

Прычыну ліквідацыі ніхто так і не патлумачыў. Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе:

«Сістэмы правасуддзя няма. Замежная палітыка звялася да адносінаў з Расеяй, і вось на чарзе ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Для ўладаў гэта няважна, што знікнуць тыя паслугі, якія структуры грамадзянскай супольнасці аказваюць грамадству. Для ўлады важна захаванне самой сябе».

Напярэдадні на тэму недзяржаўных арганізацыяў гаварыў Лукашэнка:

«Ну і што, дэмакратыю атрымалі? А цяпер аглянуліся – ба, дык гэта ж на шкоду дзяржаве! Ідзе зачыстка! А вы думаеце гэта проста?»

Але адна справа – узурпатар; іншая – тыя, хто выконвае ягоныя жаданні. Пад ліквідацыю трапіў праект «Імёны». Блогерка Наста Захарэвіч звяртае ўвагу, што гэта ліквідацыя дапамогі дзецям, хворым на спінальна-цягліцавую атрафію, тым, хто мае аўтызм, пашуковаму атраду «Анёл» і іншым праектам:

«Мы мусім усе разумець, што мы адказныя за ўсе рашэнні, якія мы прымаем. Што чалавек, які падпісвае загад на ліквідацыю ўстановы, асабіста адказны за тыя смерці, якія будуць ісці пасля ліквідацыі гэтай установы».

Напярэдадні ж услед за недзяржаўнымі арганізацыямі Лукашэнка закрануў пытанне кантролю індывідуальных прадпрымальнікаў:

«Індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Гэта маё самае жорсткае патрабаванне, я ад ураду не адчаплюся. Калі ласка, ІП – хто яны?»

На думку Лукашэнкі, у Беларусі развялося зашмат ІП. Актуальным застаецца пытанне, што можа спыніць дзяржаўны тэрор.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»