«Калі рэжым хоча кінуць за краты філосафа – гэта нагадвае самае змрочнае мінулае таталітарных рэжымаў»


5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для 66-цігадовага Уладзіміра Мацкевіча, а таксама судовыя расправы над іншымі нашымі калегамі. Рэжым Лукашэнкі працягвае вайну з незалежнай журналістыкай і свабодай слова ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Менскага абласнога суда Сяргей Епіхаў агучыў вырак філосафу і метадолагу, а таксама вядоўцу праграмы «Размова» на «Белсаце» Уладзіміру Мацкевічу. Нашаму калегу інкрымінавалі адразу тры артыкулы: абраза Лукашэнкі, стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Ну, калі рэжым хоча кінуць за краты філосафа, ягоныя думкі – ну дык гэта нагадвае самае змрочнае мінулае таталітарных рэжымаў», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Судзілішча над спадаром Уладзімірам адбывалася ў закрытым рэжыме. Напярэдадні наш калега выступіў з апошнім словам. Паплечніца і былая жонка палітвязня Святлана Мацкевіч прызнаецца, што спадзявалася на мякчэйшы вырак.

«Думала, што менавіта на працэсе Уладзіміра будзе відавочна, ці ўлады, якія кантралююць тэрыторыю Беларусі, гатовыя альбо не гатовыя ісці на нейкія саступкі і кантакты з грамадзянскай супольнасцю. Ладзячы кампанію ў падтрыманне Уладзіміра і ўсіх палітзняволеных, мы ўсе спадзяваліся, што ўласна гэта будзе мець нейкі плён, і мы атрымаем як вырак, скажам, «хатнюю хімію«, улічваючы ўзрост Уладзіміра», – кажа Святлана Мацкевіч.

У закрытым рэжыме сёння ў Гомельскім абласным судзе пачалося паседжанне над яшчэ адной нашай калегай, былой прадстаўніцай «Белсату» і штатнай працаўніцай Польскай тэлевізіі (TVP) Ірынай Слаўнікавай. Журналістку гэтак жа абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім, а таксама ў арганізацыі і актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ірыне пагражае да сямі гадоў зняволення.

«Рэпрэсіі супраць Ірыны Слаўнікавай ды іншых незалежных журналістаў, некалькі дзясяткаў якіх застаюцца сёння ў Беларусі за кратамі, – гэта істотны элемент брутальнай вайны ўладаў у Менску з грамадзянскай супольнасцю, якая не можа існаваць без доступу да незалежных медыяў», – гаворыцца ў заяве Польскага Тэлебачання (TVP).

Сёння ж у судовым працэсе над журналісткай абвешчаны перапынак да 6 ліпеня. Муж нашай калегі Аляксандр Лойка кажа, што Ірына трымаецца добра і нават сама падбадзёрвае ў лістах родных, аднак спадзявацца на нейкі цуд аніяк не выпадае.

«Вы ведаеце, што адбываецца ў краіне, як караюць людзей нават не толькі за тое, што яны гавораць не тое – думаюць нават не тое! Людзей звальняюць з працы, душаць усялякімі спосабамі. Таму нічога добрага ад суда чакаць не даводзіцца. Тым больш што вядома, што суддзя будзе “гаспадзін” Доля, які выносіў абвінавачванні Ціханоўскаму і па іншых гэткіх гучных справах», – кажа Аляксандр Лойка.

А ўжо 4 ліпеня ў тым сама Гомельскім абласным судзе – зноўку ж у закрытым рэжыме – пачнецца расправа над яшчэ адной нашай калегай. Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якая ўжо адбывае двухгадовы тэрмін за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, цяпер вінавацяць яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве«. Нашай калезе пагражае ажно да 15-ці дадатковых гадоў зняволення.

«Вось ужо здавалася, што даўно пратэсты, якія запусцілі ўвесь гэты механізм рэпрэсіяў. Але мы бачым, што ціск не змяншаецца. І па сёння кагосьці затрымліваюць, кагосьці кідаюць за краты. Ну і, як я ўжо казаў, тэрміны толькі ўзрастаюць – у параўнанне з тым, што было два гады таму», – кажа юрыст і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Агулам на сёння за кратамі ў нашай краіне застаюцца 30 журналістаў. Паводле праваабарончай арганізацыі «Freedom House», Беларусь нязменна трапляе ў спіс дзяржаваў, найбольш варожых да свабоды слова.

Валера Руселік, «Белсат»