Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю на прадстаўленне Украіне і Малдове статусу краінаў-кандыдатаў


Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю, якая падтрымлівае прадстаўленне Украіне і Малдове статусу краінаў-кандыдатаў на ўваход у Еўразвяз. Слова за кіраўнікамі дзяржаваў Аб’яднанай Еўропы. А мы пакуль што ўзгадаем шлях Украіны да гэтай падзеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пачаткам еўрапейскага шляху для незалежнай Украіны можна лічыць 1994 год, калі было падпісанае «Пагадненне аб партнёрстве і супрацы з Еўразвязам». Яно набыло моц яшчэ праз 4 гады. У 2005-м быў прыняты План дзеянняў Украіна-Еўразвяз. Потым толькі пачаліся перамовы аб «Пагадненні аб асацыяцыі». Так і пайшло: дамоўленасці, рэформы, перамовы, прадстаўленне еўрапейскай дапамогі больш чым на мільярд еўраў. Усё гэта паралельна з праграмай «Усходняе партнёрства» з 2009 года. Справы ішлі няблага да 2013 года. Тады за некалькі дзён да Віленскага саміту Віктар Януковіч і кіроўная Партыя рэгіёнаў вырашылі рыхтаваць Украіну не да Пагаднення аб асацыяцыі, а да Мытнага Саюзу Пуціна і Лукашэнкі. У Кіеве пачаліся пратэсты студэнтаў, спецназ «Беркут» пачаў жорстка збіваць пратэстоўцаў, людзі адказалі Рэвалюцыяй Годнасці.

«Тое, што ў 2014 годзе на Майдане людзі выйшлі супрацьстаяць спробам Януковіча зачыніць для Украіны шлях у Еўразвяз, і пасля гэтага была расейская інвазія ў Крым, і ў Данбас, і сённяшняя вайна – яна скіраваная супраць аб’яднання Украіны з Еўразвязам», – тлумачыць еўрадэпутат Андрус Кубілюс.

Як падкрэслівае былы кіраўнік літоўскага ўраду, украінцы на справе паказалі, што гатовыя ахвяраваць жыццём дзеля свайго выбару. Потым, падчас вайны супраць гібрыдных расейскіх сілаў на Данбасе, Украіна падпісала Пагадненне аб Еўраінтэграцыі і ўвяла бязвізавы рэжым з Еўразвязам.

У гістарычнай рэзалюцыі Рады Еўропы згадваецца і Беларусь.

«Так працуе палітыка, так працуе еўрапейская бюракратыя: калі нешта зафіксавана на паперы, то гэта і ёсць рашэнне, гэта і ёсць пляцоўка, з якой можна ісці далей, рабіць наступныя крокі», – падкрэслівае Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытанні рэформы Канстытуцыі.

«Памкненне жыць у свабоднай, суверэннай і дэмакратычнай дзяржаве выказвае большасць народу Беларусі, якая супрацьстаіць падтрыманаму Расеяй рэжыму Лукашэнкі», – гэтыя словы зʼявіліся ў рэзалюцыі дзякуючы звароту да еўрапейскіх палітыкаў Святланы Ціханоўскай і іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»