Валянцін Стэфановіч: Патрэбная рэформа ўсёй судовай сістэмы


Два гады калоніі, як і патрабавала абвінавачванне. У Першамайскім судзе Менску скончыўся разгляд справы Івана Багдзевіча. Палітвязня прызналі вінаватым у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак: публічным выкрыкванні лозунгаў і гучных воплесках рукамі. Ніводнага доказу, кажа адвакат, пададзена не было, і ў поўнай меры Іван Багдзевіч віны не прызнаў.

«Складвалася ўражанне, што абвінавачванне рассыплецца. Так і адвакат нас пераконваў. Цягам усіх васьмі месяцаў чалавек быў пад следствам, і ўсё, што супраць яго выставілі, – гэта абвінавачанні ў тэлефонных размовах з сябрамі і сям’ёй: тое, што было зразумела ў першы месяц. Дзеля чаго было трымаць сем месяцаў у СІЗА – незразумела», – кажа цесць Івана Багдзевіча Аляксандр Катляроў.

Ажно трынаццаць байцоў «Алмазу» нібыта пацярпелі ад іншага пакаранага сёння ўдзельніка мірных акцыяў. У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы Дзмітрый Лукашэвіч агучыў вырак для Мікалая Дзенісевіча: 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Мужчыну прызналі вінаватым у закідванні камянямі службовага транспарту сілавікоў на Партызанскім праспекце падчас Партызанскага маршу, які адбыўся 18-га кастрычніка. Абвінавачаны патлумачыў, што зрабіў два сімвалічныя кідкі на знак абурэння празмерным гвалтам у дачыненні мірных пратэстоўцаў.

Палітвязням Віктару Шавуру і Віталю Шыцікаву змянілі пакаранне на больш жорсткае: замест «хіміі», адпаведна, два і два з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму. З такім вынікам Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыю па скарзе пракурора.

А перакладчыцу Вольгу Калацкую зноў падазраюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак: Следчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненні вытворчасці ў справе. Цяпер Вольга адбывае пакаранне «хатняй хіміяй» за поўху працаўніку тэлеканалу СТВ Рыгору Азаронку.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ пра звальненне суддзяў. Каля паловы тых, хто застанецца без сваіх пасадаў, траплялі ў навіны ў звязку з палітычнымі працэсамі. У ратацыі суддзяў няма нічога незвычайнага, падкрэслівае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, але спадзявацца, што на месца звольненых прыйдуць больш справядлівыя, не варта, бо ўсе яны падпарадкуюцца ўладам. А каб вярнуць Беларусь у прававое поле, патрэбная рэформа ўсёй судовай сістэмы.

«Таму што суд – гэта асноўная з інстытуцыяў нацыянальных, прызваная забяспечваць абарону правоў грамадзянаў, правоў нас з вамі. І, адпаведна, суды мусяць быць незалежнымі», – кажа Валянцін Стэфановіч.

Пакуль жа канца судовым працэсам не бачна. Заўтра пачынаецца разгляд гучнай справы Сяргея Ціханоўскага. Апроч блогера, у ёй праходзяць Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў і Уладзімір Цыгановіч. Заўтра ж пачнецца суд у справе прызнання экстрэмісцкай прадукцыі TUT.BY, на партале і ў сацсетках.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»