У Фондзе спартовай салідарнасці грымнуў скандал


Вядомыя беларускія спартоўцы заявілі вотум недаверу Беларускаму фонду спартовай салідарнасці і асабіста яго кіраўніку Аляксандру Апейкіну. Яны вымушаныя канстатаваць, што цяпер за мяжою іх спрабуюць рэпрэзентаваць людзі, якія не маюць такога права або страцілі яго.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вотум недаверу Аляксандру Апейкіну і Беларускаму фонду спартовай салідарнасці, які Апейкін узначальвае, выказалі дзейныя і былыя спартоўцы і трэнеры. Усяго пад лістом подпіс паставілі 38 чалавек, сярод іх Аляксандра Герасіменя, Алег Дулуб, Алена Леўчанка, Кацярына Сныціна, Іван Ганін ды іншыя. Некаторыя з іх не так даўно працавалі разам з Апейкіным. Беларускі самбіст Сцяпан Папоў выказаў свой погляд на гэтую гісторыю.

«Фонд спартовай салідарнасці даўно патрэбна было прыбраць. Ён не працуе, а толькі робіць выгляд, што нешта адбываецца. А робяць людзі, робіць Латушка, які шмат ездзіць, арганізоўвае сустрэчу з міністрам спорту, мяне запрасіў на канферэнцыю ў Загрэб. Усё робіцца, калі б былі спартоўцы. Аднак усё страчана, амаль не засталося ніякіх вольных спартоўцаў, якіх трэба прадстаўляць», – распавёў чэмпіён Еўропы і першых Еўрапейскіх гульняў па самба Сцяпан Папоў.

Вось некаторыя вытрымкі з ліста з заўвагамі беларускіх спартоўцаў:

  • неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязанняў перад спартоўцамі;
  • распаўсюд паклёпу і правакацыяў у дачыненні калег, а таксама распаўсюд ілжывых выказванняў і маніпуляцыяў у супольнасцях і групах;
  • невыкананне пазыковых абавязанняў, адсутнасць празрыстай фінансавай справаздачнасці ў дзейнасці на пасадзе выканаўчага дырэктара БФСС.
Александр Апейкин, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Сам кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці адмовіў «Белсату» ў каментары. У сваіх сацыяльных сетках Аляксандр Апейкін на вотум недаверу адрэагаваў наступным чынам:

«Во як бывае. Як кажуць у народзе: “Хочаш, каб чалавек цябе зненавідзеў, зрабі яму дабро”. На жаль, гэйтарства – гэта адмоўны бок беларускай нацыі. Сам на такое хварэў, але трошкі падлячыўся».

На гэтым прэтэнзіі да фонду і асабіста да Аляксандра Апейкіна не заканчваюцца. Вось яшчэ шэраг прычынаў, чаму беларускія спартоўцы выказваюць незадаволенасць:

  • прысваенне ў якасці асабістых заслуг агульных дасягненняў, не ўлічваючы ўкладу калектыву;
  • прыняцце аднаасобнага рашэння аб сувязі спартовай арганізацыі з вайсковым падраздзяленнем;
  • папулісцкія інтэрв’ю, заявы і публікацыі ў сацыяльных сетках, якія змяшчаюць рыторыку, што падтрымлівае злачынны рэжым Лукашэнкі.

«Проста спартоўцы выказаліся, што гэты чалавек не павінен нас прадстаўляць. Няхай Саша Апейкін, няхай фонд, які існуе, працуе далей. Калі ёсць там нейкія спартоўцы, з якімі ён гатовы нейкі кантракт зрабіць, – хай робіць. Аднак хай не выкарыстоўвае нашых імёнаў», – канстатуе Сцяпан Папоў.

У заяве падпісантаў вотуму недаверу значыцца, што яны маюць намер працягваць змагацца за дэмакратычныя каштоўнасці.

Павел Алейнікаў, «Белсат»