Неанансаваны візіт Пуціна ў Менск. Чаго чакаць?


У Менск прыляцеў кіраўнік карпарацыі «Росатам» Аляксей Ліхачоў. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». Раней стала вядома пра «раптоўны» візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь. І адбываецца гэта падчас анансаванага ўдзелу беларускага войска ў расейскіх вайсковых вучэннях з тактычнай ядравай зброяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адную з версіяў падзеі агучыў аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса: прыбыццё Пуціна ў Менск можа быць звязанае з ягоным нядаўнім наведваннем Кітаю.

«Не сакрэт, што ствараецца штосьці кшталту новай “восі зла” – кааліцыі дыктатараў, да якой належыць, на жаль, і Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Галоўны ў ёй – “таварыш Сі“. Ягоны намеснік, пэўна ж, – Пуцін. Да таго ж, там яшчэ Іран, Паўночная Карэя і Беларусь. Дык вось, я думаю, што Пуцін прывёз важную інфармацыю з Кітаю, якая тычыцца і Беларусі. Гэта звязанае з вайной».

У абвешчанай праграме заўтрашніх перамоваў у Менску – дзяжурныя фармулёўкі: «мацаванне бяспекі», «перспектывы ўсяго комплексу беларуска-расейскіх стасункаў» ды гэтак далей. На думку паліталагіні Аліны Харысавай, іншаю падставаю для тэрміновага наведвання Беларусі можа стаць моцная нястача на расейскім фронце.

«Гэта ўсё ж вайсковая супраца. І нават калі няма наўпроставае супрацы – са зброяй і гэтак далей – усё ж гэта калабарацыя ў ваенны час. То бок, хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўваць менавіта нейкую кааперацыю з прадпрыемствамі, пастаўкі розных там тэкстыльных рэчаў з Беларусі».

Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін.
Фота: Kremlin.ru

Да таго ж, Пуцін выбраўся да Лукашэнкі незадоўга да анансаванага далучэння беларускага войска да расейскіх вучэнняў з ядравай зброяй. Пра такую супрацу абодва ўзгадвалі ў Маскве дзявятага траўня. Паводле крамлёўскага гаспадара, «мы гэтым разам прапанавалі нашым сябрам, саюзнікам – ды і прэзідэнт Беларусі пра гэта прасіў – узяць удзел у адным з этапаў гэтага вучэння. На другім этапе беларускія калегі далучацца да нашых сумесных дзеянняў».

Першы этап так званых ядравых вучэнняў адбываецца ў Расеі акурат цяпер. Гэта таксама можа стаць тэмаю абмеркавання ў Менску. Ці варта чакаць правакацыяў, звязаных з ядравымі боепрыпасамі? Сяргей Пеляса мяркуе, што не.

«Тактычная ядравая зброя ёсць не толькі ў расейцаў, не толькі ў амерыканцаў, але і ў французаў. І ў Францыі ёсць таксама стратэгічная ядравая зброя. Пра гэта трэба памятаць. Аднак правакацыямі можна будзе палічыць нейкія заявы».

Пуцін – рэдкі госць у Беларусі. Апошні раз ён быў у нашай краіне летась у лістападзе: браў удзел у паседжанні Савету калектыўнае бяспекі АДКБ. А асабіста да Лукашэнкі прылятаў толькі ў снежні 2022-га, яны тады ўзгаднялі цэны на энерганосьбіты. І тут ужо мімаволі з’яўляецца думка: чым цяперашняя ўвага можа пагражаць Беларусі?

«Рашэнне аб нейкай анексіі, інтэграцыі, яшчэ аб чым-небудзь прытрымаюць да нейкага вельмі важнага моманту ў гісторыі Расеі, Беларусі, – лічыць Аліна Харысава. – Звычайна такія рашэнні прымаюцца перад нейкімі выбарамі, каб падняць узровень даверу».

Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь рыхтавалі, але не анансавалі. Імаверна, той баяўся выкрываць да пары планаваны пералёт побач з межамі краінаў Еўразвязу ды NATO.

Марына Яновіч, «Белсат»