На поўдні Беларусі адбываецца нашэсце мошак


Ад масавага нашэсця мошак пакутуе ўсё Палессе – людзі і жывёла на Берасцейшчыне і Гомельшчыне. Паводле экспертаў, гэткая анамалія звязаная са зменамі клімату і, каб выпрацаваць нейкія метады барацьбы, спачатку трэба проста назіраць за сітуацыяй. Як змагацца з інсэктамі не на глабальным, а на лакальным узроўні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прыходзіш на прыроду – да вадаёму ці ў лес – і не можаш спакойна адпачыць. Бо на цябе нападаюць мошкі. Гэтак у траўні традыцыйна пачынаецца сезон машкары. Асабліва пакутуюць ад гнусу жыхары Гомельшчыны і Берасцейшчыны. Анамальна высокую канцэнтрацыю гнусу ў Беларусі экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў звязвае са зменамі клімату:

«Гэтай вясной былі пабітыя рэкорды тэмпературы ў Беларусі ў пачатку сакавіка, былі пабітыя і антырэкорды. І гэта ўсё ўплывае на біяразнастайнасць і развіццё біятопаў. І менавіта поўдзень Беларусі – Палессе – знаходзіцца ў зоне змены клімату».

Разам з гарачым паветрам спрыяльныя ўмовы для з’яўлення вялікай колькасці інсэктаў стварылі і моцныя ападкі. Павелічэнне колькасці мошак, вядома, пацягне і змены ў прыродзе.

«Гэта такія анамальныя зʼявы, да іх няма нейкіх метадаў, як з імі змагацца можна. Калі, напрыклад, будзе нейкі праект асушэння тэрыторыі, то гэта можа прывесці да катастрофы. Хімічныя сродкі таксама могуць прыводзіць да катастрофы», – кажа ўдзельнік «Зялёнай сеткі» Аляксей Аўчыннікаў.

Затое можна абараніцца на лакальным узроўні. Адмыслоўцы раяць:

  • пазбягаць наведвання месцаў найбольшай актыўнасці гнусу – вадаёмаў;
  • насіць вопратку, якая максімальна закрывае цела;
  • карыстацца рэпелентамі супраць машкары;
  • ставіць сеткі на вокны;
  • шукаць народныя рэцэпты сродкаў з моцным пахам.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Насякомыя.
Фота: Nano Calvo / Vwpics / Zuma Press / Forum

Калі інсэкты вас усё ж пакусалі – не ўсё яшчэ згублена.

«Гэты гнус не тое, каб суператрутны, мы баімся дзвюх рэчаў: алергічнай рэакцыі, якой спрагназаваць немагчыма, яна залежыць ад арганізму чалавека, і ступень яе выразнасці таксама залежыць ад арганізму чалавека. І другое, чаго мы баімся, – гэта расчосаў і занясення інфекцыяў у скуру», – кажа педыятр Мая Церакулава.

Для дарослых укус не настолькі небяспечны, як для дзяцей. Пасля ўкусу педыятр Мая Церакулава раіць ужыць антыгістамінныя прэпараты, у выпадку больш цяжкой рэакцыі – звярнуцца ў больніцу. Калі алергічнай рэакцыі няма, месца ўкусу ўсё роўна варта апрацаваць.

«Ёсць ахалоджвальныя растворы, простыя вельмі, якія павінныя быць у аптэчцы ў кожных бацькоў: гэта “Каламін” або “Цындол”. Іх наносяць на месца ўкусу ў сярэднім раз на гадзіну, каб дзіця не расчэсвала, і ў цэлым, калі не чапаць, не расчэсваць гэтае месца, то за содні праходзіць рэакцыя», – кажа педыятр Мая Церакулава.

Калі людзі яшчэ хоць неяк могуць знайсці паратунак ад гнусу, то жывёліны, бадай, зусім безабаронныя.

«Лезуць у вочы, дыхальныя шляхі, адкладаюць там свае яйкі, і жывёла нервуецца. Гэта зніжае надоі – на чвэрць зніжае надоі», – зазначае аграном, журналіст Зміцер Лупач.

Паводле прагнозаў, спаду масавай актыўнасці мошак на Гомельшчыне і Берасцейшчыне варта чакаць у першай дэкадзе чэрвеня.

Аліна Скрабунова, «Белсат»