Міліцыянт-пярэварацень кіраваў бандай злачынцаў?


Банда гастралявала па краіне і абкрадала на трасах фуры. А верхаводзіў усім – афіцэр міліцыі. Гісторыя, як з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Але, на жаль, гэта рэальнасць дня сённяшняга. Лукашэнкаўскія міліцыянты спрабуюць зняпраўдзіць удзел калегі ў злачынствах, але выглядае не вельмі пераканаўча.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Удзень капітан міліцыі, а ўначы – верхавод банды налётчыкаў. Медыі паведамляюць, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў афіцэра крымінальнага вышуку Докшыцкай міліцыі. Міхаіла Згірскага абвінавачваюць у кіраванні бандай злачынцаў, якая абкрадала фуры па ўсёй Беларусі. Днямі ў Міністэрстве ўнутраных справаў паведамілі пра гэтую групоўку. Але не згадваючы свайго калегу.

Пра тое, што верхавод банды – 27-гадовы аператыўнік з Віцебскай вобласці, следчыя даведаліся падчас допытаў злачынцаў, паведамляе выданне «Наша Ніва». Капітан міліцыі зарганізаваў пяцярых жыхароў Воршы на абкраданне цяжкавікоў. Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзламвалі фуру, перагружалі тавары і з’язджалі. Выкрадзенае прадавалі ў Расеі ці пакідалі сабе.

«Калі ў 2020 годзе было сказана: “не да законаў” (гэта было сказана ў дачыненні апанентаў рэжыму, да праціўнікаў рэжыму), то, відавочна, тое, што называецца “ўнутраны кантроль над дзеяннямі ўсіх сілавых органаў”, істотна змяніўся. Ён істотна аслабеў», – зазначае палітычны аглядальнік і вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Апошнія чатыры гады ні МУС, ні КДБ амаль не паведамлялі пра падобныя выпадкі. Але да 2020 года пра іх было чуваць. Нават былы міністр Ігар Шуневіч прызнаваўся, што «перамагчы пярэваратняў у пагонах немагчыма».

«Яны б першымі хацелі гэта дакласці прэсе, правялі б нейкую прэс-канферэнцыю. Да 2020 года гэта так выглядала. То цяпер, натуральна, пакуль гэта не выліецца праз кіберпартызанаў ці незалежную прэсу, самі сілавыя структуры пра такія выпадкі не хочуць, не могуць распавядаць», – зазначае Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Паводле «Нашай Нівы», іншыя працаўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхіленыя ад службы, іх правяраюць на датычнасць да злачынстваў. Прызначылі і новае кіраўніцтва раённага аддзелу ўнутраных справаў.

«Гэта проста кашмар для тых, хто служыць у тым РАУС. Бо там будуць неверагодныя чысткі. Яны дойдуць і да кіраўніцтва УУС. Практычна тое ж самае пройдзе ва ўсіх аддзелах крымінальнага вышуку па ўсёй рэспубліцы», – мяркуе прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

У ініцыятыве «BELPOL» зазначаюць: гэта можа быць не адзіны прыклад, калі міліцыянты аказваюцца злачынцамі.

«Сціраецца вось гэтая грань – і ты можаш перагінаць палку ўсюды, таму што табе гэта дазвалялі рабіць, напрыклад, толькі з пратэстоўцамі. Але якая розніца? Многія з так званых сілавікоў лічылі і лічаць, што рэжым ім нешта вінен, бо яны дапамаглі яму. Дапамаглі захаваць уладу ў руках Лукашэнкі», – тлумачыць Уладзімір Жыгар.

Сёння тэлеграм-канал, звязаны з МУС, назваў гісторыю з міліцыянтам-пярэваратнем фэйкам. У апублікаваным пасце – спроба абвергнуць удзел працаўніка РАУС у крымінальных злачынствах. Але ў тэксце ёсць фактычныя памылкі і звесткі, якія адрозніваюцца ад мінулай афіцыйнай версіі падзей. Гаворка пра ўзрост фігурантаў справы. Апроч таго, сцвярджаецца, што КДБ не займаецца справамі міліцыянтаў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»